Адзін з самых папулярных онлайн-каталёгаў — Relax.by адмовіўся публікаваць мэню кавярні «ДЭПО», бо яно на беларускай мове.
Пра гэта напісаў Улад Луневіч, сузаснавальнік «ДЭПО», у сваім твітэры. У інтэрвію Свабодзе ён пацьвердзіў гэтую інфармацыю.
«Яны абавязаныя разьмясьціць мэню нашай кавярні ў сябе на сайце паводле дамовы, — сказаў Луневіч. — Але ў нас мэню толькі на мове і па-ангельску. Мэнэджэр з боку Relax.by патрабуе перакласьці мэню на расейскую мову, бо яе кіраўніцтва патрабуе ўсё на расейскай без варыянтаў».
Па словах Луневіча, сваёй згоды на пераклад мэню яны не давалі. «ДЭПО» будзе далей дамагацца публікацыі яго менавіта на беларускай мове.
У «ДЭПО» і суседняй кавярні «Лаўка», сузаснавальнікам якіх выступае Ўлад Луневіч, усё аздабленьне — на беларускай мове. Наведнікі толькі за.
«Па ўспрыманьні мовы сярод гасьцей пытаньняў няма, — сказаў Луневіч. — Усім вельмі падабаецца».
У адміністрацыі Relax.by, у сваю чаргу, кажуць, што здарылася непаразуменьне паміж кантэнт-рэдактарам і маркетолягам «ДЭПО».
«Кантэнт-рэдактар запытваў дадзеныя ў іншым фармаце, і, магчыма, нас проста ня так зразумелі, — сказалі Свабодзе ў Relax.by. — У нас дзьве дзяржаўныя мовы, і ніякіх абмежаваньняў на выкарыстаньне беларускай мовы на нашым партале не існуе. Можаце адкрыць каталёг і ўпэўніцца, што некаторыя ўстановы публікуюць мэню па-беларуску».
Upd. Неўзабаве пасьля публікацыі артыкулу Relax.by разьмясьціў мэню па-беларуску на сваім сайце, пра што Ўлад Луневіч напісаў у сваім твітэры.