Пра гэта сёньня заявіў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, выступаючы на эканамічным кангрэсе ў Стамбуле.
Эрдаган зноў адзначыў, што самалёт быў зьбіты ў турэцкай паветранай прасторы, пра што, паводле ягоных словаў, сьведчаць абломкі бамбавіка, якія ўпалі на тэрыторыю Турэччыны. Эрдаган таксама сказаў, што ў рэгіёне, дзе лётаў Су-24, няма баевікоў забароненай у Расеі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Тым часам прэм’ер-міністар Расеі Дзмітрый Мядзьведзеў заявіў, што дзеяньні Турэччыны падрываюць добрасуседзкія адносіны паміж дзьвюма краінамі і могуцьпрывесьці да адмовы ад сумесных праектаў і страты турэцкімі кампаніямі пазыцый на расейскім рынку.
Мядзьведзеў ахарактарызаваў дзеяньні Анкары як «безразважна-злачынныя», якія прывялі да абвастрэньня адносін паміж Расеяй і НАТО. Акрамя таго, сваімі дзеяньнямі турэцкія ўлады, па сутнасьці, прадэманстравалі абарону баевікоў «Ісламскай дзяржавы», дадаў Мядзьведзеў.
Паводле ацэнак расейскіх СМІ, пад пагрозай у першую чаргу можа апынуцца рэалізацыя праекту «Турэцкі паток» — газаправод, які плянуецца пракласьці па дне Чорнага мора з Расеі ў Турэччыну. Акрамя таго, Турэччына ёсьць адным з буйных пастаўнікаў гародніны і садавіны на расейскі рынак. У той самы час Турэччына, якая кантралюе пратокі Басфор і Дарданэлы, можа паўплываць на пастаўкі расейскай нафты.