Бязьвізавы Ізраіль — ад 26 лістапада

«26 лістапада 2015 году пачынае дзейнічаць пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Ізраілю аб адмене ўязных візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў... З гэтай даты паміж Беларусьсю і Ізраілем будзе ўжывацца бязьвізавы рэжым для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў абедзьвюх дзяржаваў».

Такое паведамленьне зьявілася на афіцыйным сайце амбасады Ізраіля ў Менску. Такім чынам, момант, якога так чакалі, нарэшце наступіў. Бо дагэтуль беларус, каб наведаць Ізраіль, мусіў набыць візу, якая каштуе 23 даляры. Грамадзянін Ізраілю за беларускую візу плаціў яшчэ даражэй — 60 эўра.

Новае пагадненьне дазваляе грамадзянам абедзьвюх краінаў знаходзіцца на тэрыторыі, адпаведна, Ізраілю або Беларусі тэрмінам да 90 дзён за паўгода без афармленьня візы.

Як патлумачыла БелаПАН часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі, візы адмененыя толькі для тых грамадзян, якія вандруюць з турыстычнай мэтай.

«Для паездак зь іншай мэтай да гэтага часу патрабуецца віза», — дадала яна.

Сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык пацьвердзіў, што ад 26 лістапада 2015 году паміж Беларусьсю і Ізраілем пачынае дзейнічаць бязьвізавы рэжым.

Паводле Мірончыка, кантроль за беларускімі грамадзянамі, якія маюць намер наведаць Ізраіль, цяпер пераносіцца з амбасады Ізраіля ў Беларусі на яе дзяржаўную мяжу. Міграцыйныя службы Ізраіля цяпер будуць вырашаць самі, пускаць пэўнага грамадзяніна Беларусі ў сваю краіну ці не. Дзеля гэтага пры перасячэньні ізраільскай мяжы будзе праводзіцца асабістая гутарка. Таму, падкрэсьліў Мірончык, беларускім грамадзянам рэкамэндуецца дакладна называць мэты і тэрміны сваёй паездкі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі рэкамэндуе грамадзянам, якія зьбіраюцца наведаць Ізраіль бязь візаў, мець пры сабе зваротны білет з дакладнай датай выезду назад у Беларусь, мэдычны поліс і дастаткова грошай. Калі паездка турыстычная, то трэба назваць гатэль, дзе будзе спыняцца грамадзянін Беларусі, а калі мэты паездкі бізнэсовыя ці асабістыя, то пажадана мець пры сабе ксэракопію запрашэньня з ізраільскага боку. Гэта дазволіць пазьбегнуць усялякіх непаразуменьняў на мяжы.

Досьвед бязьвізавага ўезду грамадзян Расеі і Ўкраіны, якія ўжо даўно карыстаюцца гэтым правам, толькі пацьвярджае неабходнасьць мець пры сабе патрэбныя дакумэнты і грошы.

Увод у дзеяньне пагадненьня, якое падпісалі ў Менску яшчэ 19 верасьня 2014 году, некалькі разоў адкладаўся. Працэдуры, неабходныя дзеля таго, каб яно запрацавала, Беларусь выканала цалкам 5 студзеня 2015 году. А вось ізраільскі бок зацягнуў рашэньне праблемы. Гэта было, па-першае, зьвязана з пазыцыяй Міністэрства ўнутраных спраў. Яно непакоілася, што адмена візаў можа прывесьці да павелічэньня колькасьці нелегалаў, якія прыбываюць турыстамі і застаюцца ў Ізраілі, каб зарабіць. А па-другое, увесну ў краіне праводзіліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. І толькі 16 жніўня новы ўрад прагаласаваў за бязьвізавы рэжым зь Беларусьсю.

Андрэй Фёдараў

«Адмена візаў не адмяняе памежнага ды іншага кантролю, — падкрэсьлівае палітоляг Андрэй Фёдараў. — Гэта проста адсутнасьць візаў. Калі браць пад увагу, што Ізраіль адмяніў візы для Расеі і Ўкраіны, дзе насельніцтва значна большае, чым у Беларусі, дык чаго тады ім баяцца нас?

Колькасьць працоўных месцаў у Ізраілі, зразумела, не бясконцая, а абмежаваная. І калі людзі, якія туды прыяжджаюць, ня змогуць знайсьці працу, ім прыйдзецца вяртацца. Бо там жа трэба жыць, а гэта нятанна».

Візавы рэжым скасоўваецца паводле той жа схемы, паводле якой Ізраіль адмяніў візы з Расеяй і Ўкраінай. Грамадзяне Расеі яшчэ зь верасьня 2008 году, а Ўкраіны — зь лютага 2011 году карыстаюцца бязьвізавым рэжымам.

За апошні час Беларусь перайшла на бязьвізавы рэжым з Эквадорам, Турэччынай, Манголіяй, Віетнамам, Інданэзіяй. Вядуцца перамовы яшчэ прыкладна з 15 краінамі сьвету. Сярод іх —Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сынгапур, Катар, Аман, Лаос...