Амбасадары краін-удзельніц НАТО заклікалі Турэччыну да спакою і вытрымкі ў сувязі з сытуацыяй вакол зьбітага турэцкім зьнішчальнікам расейскага баявога самалёта.
Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг заклікаў да спакою пасьля інцыдэнту:
«Я чакаю далейшых кантактаў паміж Анкарой і Масквой і заклікаю да спакою і дээскаляцыі».
Ён таксама заявіў, што ацэнкі іншых краінаў НАТО адпавядаюць турэцкім цьверджаньням, што расейскі бамбавік парушыў праветраную прастору Турэччыны.
«Мы выказваем салідарнасьць з Турэччынай і выступаем за тэрытарыяльную цэласьць нашага саюзьніка па НАТО», дадаў генэральны сакратар альянсу.
Дыпляматы зь ліку прысутных на сустрэчы распавялі агенцтву Reuters, што ніводзін з 28 амбасадараў краін Паўночнаатлянтычнага альянсу ня выказаўся ў падтрымку дзеяньняў Расеі. Пры гэтым многія выказалі заклапочанасьць тым, што Турэччына не суправадзіла расейскі самалёт да моманту, калі б ён пакінуў яе паветраную прастору.
«Ёсьць іншыя спосабы вырашыць падобныя інцыдэнты», - сказаў адзін з дыпляматаў, які адмовіўся назваць сваё імя.
Турэччына сьцьвярджае, што расейскі бамбавік Су-24 парушыў яе паветраную прастору і праігнараваў неаднаразовыя папярэджаньні. Расейскія ўлады настойваюць, што бамбавік быў у небе над сырыйскай тэрыторыяй ў момант, калі быў зьбіты.