«Мы былі ў стане пачуць усё, што адбываецца, паколькі камунікацыі падтрымліваліся па адкрытых каналах», — сказаў прадстаўнік ЗША палкоўнік Стыў Ўорэн 24 лістапада. Разам з тым Ўорэн ня мог напэўна сьцьвярджаць, на чыім баку турэцка-сырыйскай мяжы адбыўся інцыдэнт. Ён таксама сказаў, што ня мае дадзеных аб статусе зьбітых расійскіх пілётаў.
Турцыя заяўляе, што яе зьнішчальнікі зьбілі расейскі Су-24, таму што ён парушыў паветраную прастору Турцыі 24 лістапада, але Масква сьцьвярджае, што самалёт не адхіляўся ад сырыйскай тэрыторыі.
Ўорэн заявіў, што ўзначаленая ЗША апэрацыя кааліцыі ў Сырыі і Іраку супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» працягнецца, як і плянавалася, нягледзячы на тое што Турцыя зьбіла расейскі самалёт Су-24.
«Гэта інцыдэнт паміж расейскім і турэцкім урадамі. Гэта не пытаньне, якое ўключае ў сябе пытаньні кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША», — заявіў Ўорэн на брыфінгу для журналістаў у Пэнтагоне, выступаючы па відэасувязі з Багдаду.
«Нашы баявыя апэрацыі супраць „Ісламскай дзяржавы“ працягнуцца, як і плянавалася, і мы наносім удары па цэлях у Іраку і Сырыі», — сказаў Ўорэн.