Пра гібель лётчыкаў пісалі агенцтвы са спасылкай на сырыйскіх паўстанцаў.
Расейскі бок паведамляў, што пілёты катапультаваліся і іх шукаюць верталёты. Агенцтва Reuters са спасылкай на сырыйскіх праваабаронцаў паведаміла пра тое, што адзін з гэтых верталётаў быў пашкоджаны ракетай і зрабіў аварыйную пасадку ў Лятакіі.
У Брусэлі праходзіць экстранае пасяджэньне Рады НАТО з нагоды гэтага інцыдэнту.
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што разглядае дзеяньні Турэччыны як непрыязны акт і будзе працягваць вайсковую апэрацыю ў Сырыі.
Раней ведамства заявіла, што Су-24 вяртаўся на авіябазу Хмэймім у Сырыі і паветраную прастору Турэччыны не парушаў.
Аднак турэцкае кіраўніцтва настойвае на тым, што расейскі самалёт быў зьбіты пасьля таго, як парушыў паветраную прастору краіны і не адрэагаваў на некалькі папярэджаньняў. Прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмет Давутаглу заявіў, што ў гэтым выпадку яго краіна мае права абараняцца.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў зьбіцьцё расейскага самалёта Су-24 «ударам у сьпіну». Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў адмяніў візыт у Стамбул і сустрэчу са сваім турэцкім калегам Фрыдунам Сінірліаглу.