Прэзыдэнт Расеі сказаў, што сёньняшняе зьбіцьцё расейскага самалёта Турэччынай — «удар у сьпіну», нанесены «памагатымі тэрарыстаў».
«Наш самалёт быў зьбіты над тэрыторыяй Сырыі ракетай паветра-паветра з турэцкага самалёта Ф16,» — заявіў Пуцін падчас сустрэчы з каралём Ярданіі Абдулом у Сочы.
«Сёньняшняе трагічнае здарэньне будзе мець сур’ёзныя наступствы і для расейска-турэцкіх адносін,» — дадаў кіраўнік Расеі.
Тым часам прэм’ер-міністар Турцыі Ахмэт Давутоглу заявіў, што Турэччына мае права абараняцца ў выпадку, калі парушаецца яе паветраная прастора, нягледзячы на неаднаразовыя папярэджаньні. Давутоглу дадаў, што Турэччына зробіць усё неабходнае, каб гарантаваць бясьпеку краіны.