20 дзён таму студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту аб’ядналіся, каб данесьці адміністрацыі і рэктару сваё адмоўнае стаўленьне да платных пераздач:
«Мы зьбіралі подпісы да рэктара і міністра, мы пісалі ў СМІ, мы пісалі грамадзкім арганізацыям Беларусі і замежжа, мы рэгулярна абнаўлялі інфармацыю, а нашы прыхільнікі праводзілі акцыі ў падтрымку руху.
Адміністрацыя ігнаруе ня толькі нашы патрабаваньні, але і нас. Яна ня хоча нас чуць і слухаць. Яна ня хоча заўважаць нас», — паведамляецца ў суполцы #студентыпротив у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».
Таму студэнты прапануюць выйсьці разам да адміністрацыі і паказаць, як іх шмат:
«Гэта будзе марш міру і любові. Мы пакажам, як нас шмат, і зьвернемся да адміністрацыі з патрабаваньнем пачуць нас і адмяніць платныя пераздачы і адпрацоўкі. Гэта наш шанец паўплываць на рашэньне. І мы не павінны яго страціць. Ад вас патрабуюцца два простыя дзеяньні: быць неабыякавымі і прыйсьці на марш!».
Час і месца збору паведамяць крыху пазьней.