Клясык беларускай літаратуры, трохі згорбіўшыся, сядзіць у задуменнай позе. Яго рукі, сашчэпленыя разам, ляжаць на працоўным стале ў форме чырвонай пяціканцовай зоркі. Кожная зь яе граняў сымбалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменьніка, паведамляе газэта «Звязда».
Манумэнт плянуецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава.
Сам вобраз Васіля Быкава створаны на аснове асабістых успамінаў аўтараў. А драўляны макет помніка ўжо выстаўляўся на выставе, прысьвечанай 90-годзьдзю Васіля Быкава ў музэі Максіма Багдановіча.
Пятровіч: «Быкаў ня быў савецкім чалавекам, таму ня трэба на яго помніку былых сымбаляў»
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч перакананы, што павінен быць абвешчаны конкурс на помнік Васілю Быкаву сярод скульптараў і абавязкова павінна быць шырокае грамадзкае абмеркаваньне.
Барыс Пятровіч, выказаў сумнеў наконт савецкай сымболікі, якую прапануюць аўтары ў праекце помніка Быкава:
«Канечне, добра, што ў Менску зьявіцца помнік Васілю Быкаву. Калі ён зьявіцца. Добра, што і месца ня самае горшае выбралі — каля Дома літаратара. Але якім быць помніку Васілю Быкаву, ці патрэбна там нейкая сымболіка, тым больш — былая і часовая, савецкая? Мне здаецца, павінна быць шырокае абмеркаваньне сярод грамадзкасьці, і, у першую чаргу, з удзелам сям’і Васіля Быкава.
Згадваецца выпадак, які адбыўся на пахаваньні Васіля Ўладзімеравіча. Тады на сцэне Дома літаратара зьявіўся чырвона-зялёны сьцяг, Ірына Міхайлаўна сказала:
„Прыбярыце, Васіль гэтага не любіў“.
Васіль Уладзімеравіч ня быў савецкім чалавекам, ён даказаў гэта ўсёй сваёй творчасьцю, таму, мяркую, ня трэба, каб на яго помніку зьяўляліся нейкія былыя сымбалі.
Павінен быць абвешчаны конкурс сярод скульптараў і абавязкова шырокае грамадзкае абмеркаваньне таго, што прапануюць скульптары. Іначай можа атрымацца зноў жа зьдзек з памяці Васіля Ўладзімеравіча і нейкі фарс, ува што ператварылася адкрыцьцё музэя на лецішчы Быкава ў Ждановічах. Як вядома, музэй папрацаваў толькі адно лета і быў зачынены. І цяпер не працуе. Таму гэта вельмі сур’ёзная справа, і павінен быць сур’ёзны падыход. А ня нейкая ініцыятыва нейкіх людзей, якая можа скончыцца ўрэшце нічым».
Станіслаў Шушкевіч пра праект помніка Быкаву: «Гэта прапаганда агіднага падыходу да памяці вялікага чалавека»
Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч ацаніў ініцыятыву Мікалая Чаргінца паставіць помнік народнаму пісьменьніку Васілю Быкаву ў Менску.
«Калі такая постаць, як Чаргінец, малюе сябе сябрам Быкава, гэта агідна. Але ж з такой авечкі хоць воўны клок. А можа, у яго прабілася сумленьне? Хаця тое, што ў яго нешта чалавечае прачнецца, мала верагодна. Калі я памыляюся, буду вельмі цешыцца з гэтай нагоды. Пасьля трыюмфу Сьвятланы Алексіевіч, пасьля вялікага посьпеху беларускай культуры, калі сапраўды нешта зьмянілася, буду вельмі цешыцца.
Чаргінец застанецца Чаргінцом, хоць ты асып яго кветкамі. Так што чакаць нечага выбітнага ад такіх людзей ня трэба. Што да чырвонай зоркі... Ведаеце, можна і так трактаваць Быкава, з чырвонай зоркай. Але гэта значыць — яго не разумець. А прэтэндаваць, каб Чаргінец разумеў, хто такі Быкаў, гэта занадта. Вы ж ведаеце, у свой час, калі наш „усенароднаабраны“ заявіў, што ён вучыўся на вершах Быкава, пісаў вершы, Чаргінец пачаў таксама гаварыць, што Быкаў пісаў вершы і нават паказваў яму, але не друкаваў. Адкуль тады „ўсенароднаабраны“ мог іх заўважыць? Гэта быў спосаб падлізацца праз імя Быкава да нашага „ўсенароднаабранага“. Так што гэта чарговы захад такі. Шукаць сумленьне, тым больш беларушчыну і прыстойнасьць нейкую, у Чаргінцы ня трэба. Добра Генадзь Бураўкін некалі сказаў, што Чаргінец — лепшы пісьменьнік сярод міліцыянтаў, і лепшы міліцыянт сярод пісьменьнікаў.
Я за тое, каб помнік быў. Але ўсё трэба рабіць па-людзку. У цывілізаванай дзяржаве такія рэчы робяцца па-іншаму: абвяшчаецца конкурс. Але тут жа трэба, каб зьвярнулі ўвагу на той паганы пісьменьніцкі саюз, які ўзначальвае Чаргінец. Гэта антыбеларускі саюз. Гэта прапаганда агіднага падыходу да памяці вялікага чалавека. Без конкурсу, без абмеркаваньня ў прыстойнай кампаніі нельга гэта рабіць. Але лепш так, каб нічога не рабіць».