Былога кіраўніка Кіргізстану Курманбека Бакіева, а таксама ягонага брата Жаныбека Бакіева і яшчэ некалькіх чыноўнікаў абвінавачваюць у незаконным пераводзе зямельных участкаў у прыгарадзе Бішкека з адной катэгорыі ў іншую.
Генэральная пракуратура краіны паведаміла, што расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце незаконнай трансфармацыі ў 2008 годзе шэрагу зямельных участкаў скончана. З катэгорыі «землі сельскагаспадарчага прызначэньня» ўчасткі пераводзіліся у катэгорыю «землі населеных пунктаў».
Курманбеку Бакіеву і ягонаму брату Жаныбеку прад’явілі абвінавачаньне за пасобніцтва ў карупцыі.
Крымінальная справа накіраваная ў Кастрычніцкі раённы суд Бішкека.
Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў быў зрынуты ў красавіку 2010 году, пасьля чаго разам са сваякамі ўцёк з краіны. За расстрэл дэманстрантаў і шэраг іншых асабліва цяжкіх злачынстваў разам з Жаныбекам Бакіевым, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, кіргіскі суд завочна асудзіў Курманбека Бакіева да вышэйшай меры пакараньня — пажыцьцёвага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Экс-прэзыдэнт і ягоны брат цяпер жывуць у Менску. Кіргіскія ўлады неаднаразова патрабавалі ад Беларусі іх экстрадыцыі, але кожны раз ім адмаўлялі.