Як распавёў Свабодзе Ўладзімер Табула, яго апавясьцілі, што кантракт зь ім працягнуты ня будзе. Тлумачэньняў ён не дачакаўся, але мяркуе, што стаў непатрэбным, бо «задаваў шмат лішніх пытаньняў»:
«Ніхто ня можа нават патлумачыць прычыну расстаньня са мной. Хаця, прычыны мне зразумелыя, за апошнюю палову года мяне пачалі дыскрымінаваць.»
Уладзімер кажа, што цяпер ня ведае, як будзе выжываць, акрамя чатырох дзяцей у яго тры крэдыты, а таксама завочнае платнае навучаньне ва ўнівэрсытэце. Аднаму дзіцяці ад першага шлюбу Ўладзімер сплачвае алімэнты. Спадар кажа, што пэрспэктываў знайсьці працу ў Мікашэвічах няма.
Суразмоўца, кажа, што спрабаваў дабіцца хоць якой працы на «Граніце», кіраўніца афіцыйнага прафсаюзу на прадпрыемстве абяцала пагаварыць пра гэта з генэральным дырэктарам Эдуардам Гаўрылковічам. Аднак пасьля выхаду на адным зь мясцовых сайтаў артыкулу пра звальненьне інжынэра, а таксама пасьля скаргі ў аблвыканкам Уладзімеру Табулу намякнулі, што цяпер яму працы чакаць ня варта.
«Вяртаўся ў аддзел пасьля праверкі, мяне спыніла кіраўніца прафсаюзу, якая сказала, што я, маўляў, нарабіў. Кажа, што размаўляла з генэральным дырэктарам, пераканала, і ён быў гатовы мяне прыняць. А тут, маўляў, вось такое — артыкул выйшаў, і ліст зь Берасьця прыйшоў. Цяпер, кажа, вас ужо не пакінуць...», — расказаў Уладзімер Табула.
Актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу выказваюць меркаваньне, што звальненьне Ўладзімера Табулы можа быць рэакцыяй на яго кантакты зь сябрам гэтага прафсаюзу Леанідам Дубаносавым, які цяпер мае славу «мясцовага апазыцыянэра».
Звольнены з «Граніту» пасьля рабочага пратэсту 2011-2012 году прафсаюзны лідэр Алег Стахаевіч кажа, што шляхам звальненьняў адміністрацыя «імкнецца не дапусьціць пратэсту рабочых»:
«Гэта адгалоскі разгону незалежнага прафсаюзу на „Граніце“. Адміністрацыя імкнецца папярэдзіць аб’яднаньне людзей для адстойваньня сваіх інтарэсаў. Не працягваюць з Уладзімерам кантракт толькі з-за таго, што чалавек кантактуе зь Леанідам Дубаносавым. Працуюць на апераджэньне. Узгадаем нядаўнія звальненьні Івана Самуйліка і Ўладзімера Крывава. Таксама, якія аргумэнты былі іх звальняць? Ніякіх. Выдатныя працаўнікі, кіроўцы „Белазаў“, сем’яніны зь вялікім аўтарытэтам. Кіраўніцтва „Граніту“ загадзя ведае, што сытуацыя з заробкамі будзе пагаршацца, і такім чынам мяркуе папярэдзіць аб’яднаньне працаўнікоў».
Чатыры гады таму на мікашэвіцкім прадпрыемстве па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» адбыўся масавы пратэст працаўнікоў, які патрапіў на перадавіцы незалежных СМІ. У сьнежні 2011 году некалькі сотняў працаўнікоў напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.
Некалькі арганізатараў пратэсту былі звольненыя з прадпрыемства па розных прычынах. Большасьць зь іх так і ня здолелі знайсьці працу на радзіме ў Мікашэвічах, некаторыя мусілі працаўладкоўвацца нават за мяжой.
Тым ня меней, пратэст часткова дасягнуў сваёй мэты — заробкі працаўнікоў значна вырасьлі. Аднак цяпер, як распавядае прафсаюзны лідэр Алег Стахаевіч, заробкі ізноў пачалі зьніжацца.
Атрымаць афіцыйнага камэнтара ад адміністрацыі прадпрыемства не ўдалося