Рада Эўропы заклікае беларускія ўлады аб’явіць мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Пра гэта гаворыцца ў камюніке афіцыйнага прадстаўніка генэральнага сакратара Рады Эўропы Даніэля Хольтгена, паведамляе «Інтэрфакс».
«Мы глыбока шкадуем, што Беларусь сёньня вынесла новы сьмяротны прысуд», — заявіў Хольтген у сувязі з асуджэньнем Івана Кулеша на сьмяротнае пакараньне 20 лістапада.
Рада Эўропы чакае ад Беларусі, што асуджанаму будзе прадстаўлена поўнае права на апэляцыю, адзначаецца ў дакумэнце.
«Сьмерць гэта не правасудзьдзе», — лічаць у Радзе Эўропы.
Эўразьвяз выказвае надзею на тое, што Івану Куляшу будзе бесьперашкодна прадстаўлена права на падачу апэляцыі.
«Спадар Кулеш быў асуджаны за сур’ёзныя злачынствы, і мы выказваем нашу глыбокую сымпатыю сям’і і сябрам ахвяр гэтых злачынстваў. Тым не менш, Эўрапейскі зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках, бо яна не можа быць апраўданая ні пры якіх абставінах», — гаворыцца ў камюніке афіцыйнага прадстаўніка Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службы. ЭЗ таксама заклікае Беларусь далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яе адмены. Сьмяротны прысуд жыхару Лідзкага раёну Івану Куляшу вынес учора Гарадзенскі абласны суд.
Івану Куляшу 28 год. Ён выхоўваўся ў дзіцячым доме, скончыў 9 клясаў, нідзе не працаваў, зарабляў на жыцьцё, зьбіраючы грыбы, ягады, выконваў выпадковыя працы. Раней двойчы быў судзімы за крадзеж. Злачынствы, у якіх суд прызнаў вінаватым Івана Куляша, ён зьдзейсьніў у 2013 годзе — забіў сякерай трох гандлярак сельскіх крамаў.
Гэта другі за год сьмяротны прысуд, які вынесены ў Беларусі. У сакавіку Гомельскі абласны суд асудзіў на сьмерць жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова за згвалтаваньне і забойства дзяўчыны. Прысуд пакуль не прыведзены ў выкананьне.