Абнародаваныя дадзеныя Індэксу гендэрнага разрыву (The Global Gender Gap Index) — глябальнага дасьледаваньня і суправаджальнага рэйтынгу дзяржаваў паводле паказьніку раўнапраўя полаў.
Разьлічваецца індэкс паводле мэтодыкі міжнароднай арганізацыі «Ўсясьветны эканамічны форум» (World Economic Forum). Мэтодыка грунтуецца на супастаўленьні агульнадаступных статыстычных дадзеных пра сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё ў розных краінах сьвету.
Індэкс вымярае гендэрныя адрозьненьні ў справе доступу да рэсурсаў і магчымасьцяў у паасобных краінах, а не фактычны ўзровень гэтых рэсурсаў і магчымасьцяў. Такім чынам, ён паказвае толькі адносныя, а не абсалютныя адрозьненьні.
Мяркуецца, што для дзяржаваў, якія імкнуцца зьменшыць гендэрную няроўнасьць, індэкс можа паслужыць за інструмэнт аналізу праблемных момантаў у іхняй сацыяльнай палітыцы, дапамагчы распрацоўваць захады дзеля скарачэньня гендэрнага разрыву і адсочваць іх эфэктыўнасьць зь цягам часу.
Індэкс вымярае ўзровень гендэрнага разрыву ў тых ці іншых краінах паміж жанчынамі і мужчынамі паводле 14 розных пераменных у чатырох ключавых галінах:
1. Эканамічны ўдзел і кар’ерныя магчымасьці,
2. Адукацыя,
3. Здароўе і выжываньне,
4. Палітычныя правы і магчымасьці.
Згодна з апошнімі дасьледаваньнямі, гендэрная роўнасьць найлепшым чынам забясьпечваецца ў скандынаўскіх краінах: на першых пазыцыях у рэйтынгу — Ісьляндыя, Нарвэгія, Фінляндыя і Швэцыя. Найгоршыя справы — у арабскім сьвеце і краінах Афрыкі, сярод аўтсайдэраў — Емэн, Пакістан, Сырыя, Чад.
Беларусь паводле паказьніку гендэрнага разрыву — у чацьвёртым дзясятку, займае 34-ю пазыцыю паміж лацінаамэрыканскімі Эквадорам і Аргентынай. Найвышэй сярод краінаў постсавецкай прасторы разьмясьціліся Латвія і Эстонія — 20-е і 21-е месцы адпаведна.