«Што рабіць з тымі беларусамі, якія ваююць на Данбасе?»,— адказваюць магілёўцы

Апытаньне Свабоды: «Паводле МУС Беларусі, у Данбасе за Ўкраіну і за сэпаратыстаў ваюе каля 100 беларусаў — іх трэба пакараць ці заахвоціць?» Адказвалі жыхары Магілёва.

— Шчыра кажучы, я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Мы, беларусы, знаходзімся ў такім становішчы, што нам дужа цяжка прымаць нейкія канкрэтныя рашэньні. Мы на ростані. Мы і тут і там. Мы і сварыцца нібыта ні з кім ня хочам, і ў той жа час мы павінны разумець, што гэта таксама нашы людзі.

— Людзі зрабілі свой выбар — на чым баку ваяваць, за чыю праўду. Як наш урад да гэтага ставіцца, я ня ведаю. Але мы павінны ставіцца талерантна да выбару людзей. З гэтым нічога не паробіш: некага купілі, нехта за праўду.

— Трэба неяк караць іх. Яны могуць сюды вайну прывесьці.

— Кожны дарослы чалавек павінен рабіць выбар, разумець, што робіць, і адказваць за гэта. У нас вайскоўцы прымаюць прысягу, каб бараніць краіну ад зьнешняга ворага. А тут атрымліваецца — унутры чужой краіны людзі забіваюць адзін аднаго. Гэтак жа ён можа і ў сваёй краіне паступіць. Такія людзі тады, выходзіць, небясьпечныя.

— Я чуў пра гэта. Абураны. Ды нічога рабіць ня трэба. Гэта іхны выбар. Не пускаць іх туды.

— У кожнага чалавека сваё меркаваньне. Я ж не вітаю тое, што яны запісваюцца на вайну. Трэба бараніць сваю краіну, а не чужую.

— Людзі зарабляюць грошы, выходзіць, на вайне, на сьлязах, на горы чужых людзей. Асуджэньне мае быць найперш іх. Мо і пакараньне. Навошта лезуць туды, куды іх ня просяць? А калі да нас прыйдуць? Ці спадабаецца? Мне — не!

— Няхай вырашае міністар. Калі людзі туды пайшлі, то, відаць, бароняць інтарэсы сваіх сваякоў. А ідэя якая ў іх можа быць? Яны ж беларусы.

— Будзем гаварыць адкрыта: людзі паехалі па грошы. Там чужыя ваююць толькі за грошы. Ня будзе іх ніхто караць — ня тыя ў нас законы.

— Калі гэтыя людзі падпадаюць пад паняцьце «наёмнікі», то тады яны падпадаюць і пад адпаведнае пакараньне. Калі ж не падпадаюць пад гэтую катэгорыю, то ніякіх законаў яны не парушаюць. Тут усё залежыць ад асабістай пазыцыі кожнага, на якім баку ваяваць. Але самае галоўнае, каб ва Ўкраіне быў мір.