«Нават хуткая не магла пад’ехаць». Прыватны дом у Менску з усіх бакоў забудавалі шматпавярховікамі

Жыхары дому ў менскім Сельгаспасёлку так і не змаглі знайсьці кампраміс з забудоўшчыкам.

Двухкватэрны дом на завулку Экскаватарным, 2 застаўся адзіным прыватным сярод 20-павярховых гмахаў. У якіх умовах жывуць жыхары, над чыімі галовамі яшчэ нядаўна працавалі будаўнічыя краны, высьветліла Свабода.

«Раўназначны дом — не патрабаваньне, а наша права»

Гэта цяпер Сельгаспасёлак атрымаў славу «мяцежнага», бо мясцовыя жыхары абяцаюць «ваенныя дзеяньні», калі зь імі не абыдуцца па законе.

Але яшчэ некалькі год таму СМІ не пісалі так часта пра змаганьне з уладамі і інвэстарамі. Тады частку вуліцы Тургенева і Экскаватарнага завулку зьнесьлі, а жыхароў парасьсялялі па ўсім горадзе. Доўгі час па левым баку вуліцы заставалася ўсяго пару прыватных дамоў. Іхнія гаспадары не пагаджаліся на ўмовы забудоўшчыка — кампаніі «Тамбаз».

Валянцін, жыхар адной з кватэр так званага «белага дому» (ён пафарбаваны ў белы колер) ня кажа, якія грошы яму прапаноўвалі ў якасьці кампэнсацыі. Відаць, ня тыя, на якія можна было б пабудаваць такі самы дом. Да таго ж участак у межах гораду яшчэ трэба знайсьці. Ягонай умовай было, каб яму далі раўназначны дом у Менску.

«Гэта ня патрабаваньне, а наша права, — сказаў Валянцін Свабодзе. — Паводле Жыльлёвага кодэксу мы можам прэтэндаваць на раўназначны дом».

«Нам бы даплачвалі, каб не зьяжджалі»

Іхнія былыя суседзі — уласьнікі двух дамоў, вядомых як «Брэсцкая крэпасьць», кожны на два паверхі, — адразу агучылі кошт сваёй нерухомасьці: тры мільёны даляраў. Пяць год інвэстар ня пагаджаўся на такую суму. Але ў 2014 годзе, відаць, дамовіліся, бо на месцы «крэпасьці» пачалі будаваць чарговы 26-павярховік.

А Валянціну дыктаваць свае ўмовы не ўдалося. Хоць іхні дом стаяў літаральна побач з «крэпасьцю», яны падпадалі пад розныя праекты. На месцы крэпасьці меліся будаваць чарговы гмах. А вось на месцы «белага дому» — паркінг.

Паркінг аказаўся не такі запатрабаваны, як жыльлё. Па-першае, кошт аднаго машынамесца даходзіў да 20 тысяч даляраў. Па-другое, першыя ж уладальнікі адразу пачалі скардзіцца на высокую вільготнасьць.

У будзённы дзень, калі Свабода прыйшла на будоўлю, у новым паркінгу было толькі дзьве машыны. У той жа час аўтамабілямі пазастаўляныя ўсе суседнія двары й праезды.

Сёньня забудоўшчыку проста нявыгадна зносіць «белы дом». Навошта ўкладаць вялізныя грошы ў паркінг, месцы на якім ніхто не купляе?

«Я думаю, што ён бы нават даплачваў, каб мы не зьяжджалі, — жартуе Валянцін. — Так ён эканоміць грошы на непатрэбнай будоўлі».

«Будзем чакаць, пакуль наш дом камусьці не намуляе вока»

Гэты дом застаецца адзіным сярод шматпавярховікаў. Сярод будаўнічых платоў да яго вядзе выкладзеная плітамі дарога. Валянцін іранізуе, што пад’езд да дома мае цьвёрдае пакрыцьцё, якое рэгулярна чысьціцца трактарам.

Ёсьць, праўда, і свае выгоды ад навабудаў: пры будоўлі тут замянілі ўсе камунікацыі. А з вуліцы Тыражнай паставілі ўказальнік з адрасам. Безь яго дом цяжка знайсьці.

«Хуткая сюды ўжо аднаго разу не змагла даехаць, бо адрасу не было ў іхняй навігацыі, — кажа Ўладзімер. — Паводле ўсіх нормаў быць такога ня можа».

Іншага варыянту, як жыць у шчыліне паміж паркінгам і новымі дамамі, пакуль няма. Жыхары настойваюць на сваім: каб ім далі такі самы дом у межах Менску.

«Можа, штосьці зьменіцца, калі заселяцца жыхары новых дамоў. Яны ж разьлічвалі на дзіцячую пляцоўку ў двары, а не прыватны дом, абгароджаны плотам, — кажа Валянцін».

Першы забудоўшчык яшчэ ня вырашыў усе пытаньні з часткай Сельгаспасёлку, а ўлады ўжо раздаюць інвэстарам новыя пляцы. Але невядома, ці хто возьмецца расьсяляць праблемны раён.

«У іх заўжды намалявана ўсё прыгожа, — кажа Ўладзімер. — Нехта купляецца на гэтыя малюнкі, бо не разумее, які тут будзе каляпс».