19 лістапада Гомельская гарадзкая ўправа па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне насельніцтва зладзіла кірмаш вакансіяў. Беспрацоўным прапаноўвалі некаторыя вакансіі на будоўлях, у малочнай галіне ды камунальнай гаспадарцы.
Дзясяткі беспрацоўных пацягнуліся ўранку на вуліцу Пралетарскую, дзе ў офісе гарадзкой управы працы і ладзіўся так званы кірмаш вакансіяў. У калідоры разьмясьціліся кадравікі шэрагу будаўнічых арганізацыяў, камунальных ды некаторых іншых прадпрыемстваў.
Прадстаўнік аддзелу кадраў жыльлёва-камунальнага прадпрыемства «Сельмашаўскае» апавядае:
«На дадзены момант мне патрэбныя два чалавекі — сьлесар-сантэхнік і электрагазазваршчык. Звычайна інжынэрныя працаўнікі цікавяцца, моладзі вельмі шмат падыходзіць. Бяром анкеты, стэлефаноўваемся, прапануем. Шмат беспрацоўных, ідуць людзі. Цяпер з гомсельмашаўскіх заводаў шмат звальняюць — з „Гомсельмашу“ да нас падыходзяць таксама. Але ў нас будаўнічыя прафэсіі, а ў аб’яднаньні „Гомсельмаш“ найперш машынабудаўнікі».
Спэцыялістаў масавых прафэсіяў — арматуршчыкаў, бэтоншчыкаў, мантажнікаў, геадэзістаў — запрашае трэст «Гомельпрамбуд», але не абы-якіх. Пра гэта цьвердзіць спэцыялістка ў пытаньнях кадраў спадарыня Марына, якой на кірмашы не ўдалося падшукаць ніводнага чалавека:
«Пакуль, на жаль, не. Трапляюцца ў асноўным з запісамі ў працоўнай кніжцы. А ў нас у трэсьце „Гомельпрамбуд“ існуе загад — мы ня маем права браць на працу спэцыялістаў, якія звольненыя за прагулы альбо за ўжываньне сьпіртовых напояў. Набіраем толькі высокакваліфікаваных спэцыялістаў».
На кірмашы вакансіяў асабліва шмат гараджан сярэдняга веку. Мужчын больш, але нямала і жанчын.
Вольга, архітэктарка з дыплёмам сталічнага ўнівэрсытэту і зь дзевяцігадовым стажам працы ў праектнай установе «Гомельграмадзянпраект», пакідае кірмаш надзвычай расчараваная. Яна ўжо паўгода бяз працы:
«Шукаю працу, бо не працягнулі кантракт. Патлумачылі ў інстытуце, што няма працы — і скарацілі, бо я ня замужам і ў мяне няма малых дзяцей. У мяне вялікі досьвед, але гэта не дапамагло. На біржы таксама нічога не прапанавалі — вакансіяў па маёй спэцыяльнасьці няма. Толькі перанавучаньне на рабочыя спэцыяльнасьці — арматуршчык, бэтоншчык, цырульнік, прадавец. Больш нічога ня могуць прапанаваць. Вельмі шмат людзей, аніякай арганізацыі. Натоўп стаіць, і незразумела, што й куды».
Спаміж добрага дзесятка наведнікаў, з кім удалося паразмаўляць, не знайшлося ніводнага, хто б пакідаў кірмаш вакансіяў задаволеным. Адзін зь іх — Віталь, саракагадовы бацька дваіх дзяцей. Пяць месяцаў таму ён працаваў на заводзе жалезабэтонных вырабаў:
«Для мяне няма нічога. Будаўнічая ў мяне спэцыяльнасьць — фармоўшчык. Я не звальняўся, проста не працягнулі кантракт — у нас цяпер так робіцца. Я там адрабіў сем гадоў. Калі б я прагульваў ці мяне штосьці не задавальняла, то напісаў бы заяву і сышоў. Мне проста не працягнулі кантракт».
Віталь шукае працу ўжо пяць месяцаў. Прыехаў на кірмаш вакансіяў адразу пасьля наведваньня прадпрыемства па вытворчасьці трубаў, дзе працуюць і спэцыялісты з Турцыі:
«Спрабую пяты месяц уладкавацца — нічога не атрымліваецца. Вось і сёньня спрабаваў уладкавацца — туркі робяць у нас трубы. Прыехаў — так, патрэбны апэратар. Прадстаўнік прадпрыемства мне кажа: „Туркі вам перадаваць веды ня будуць — прыйшоўшы на любую працу, трэба месяц адаптавацца“. Ну, і ўсё. Сказалі, што ператэлефануюць. Гэта такая стандартная фраза. Словам, ідзіце, ідзіце, і ня проста ідзіце...»
Саракасямігадовы гамяльчук Сяргей, звольнены сёлета пасьля мадэрнізацыі фанэрнай вытворчасьці ў ААТ «Гомельдрэў», убачыў у сёньняшнім кірмашы вакансіяў нешта ад спэктакля:
«Карцінку стварылі. Ходзіш сюды, а вялікага пераліку вакансіяў няма. Яны такія, што многія людзі такіх прафэсіяў ня маюць. Я сам кіроўца, іншыя маю спэцыяльнасьці. І пасьведчаньні маю, што вучыўся ад гэтага цэнтру занятасьці. І працаваў нават на фанэрным камбінаце. Але ж працы і там няма. Заробак, які абяцалі, так і не атрымаў. Ну што — за мільён працаваць?! На картку прыходзіў мільён. На працу выходзілі адзін ці два дні на тыдзень».
На думку гамельчука, беспрацоўе, якое пануе ў горадзе і наагул у нерэфармаванай беларускай эканоміцы, толькі павялічвае напружанасьць у грамадзтве і, канечне, у сем’ях:
«Уся гэтая сытуацыя адбіваецца нават на сямейных дачыненьнях. У сем’ях узьнікаюць вялікія спрэчкі, разлады. Асабліва мужчыну складана. Яго, мякка кажучы, нахілілі. Ён ужо не здабытчык. Прыніжэньне тут, прыніжэньне ў сям’і. І, шчыра кажучы, ня ведаеш, да якога берага прыбіцца».