Беларусь у сёлетнім рэйтынгу гендэрнай роўнасьці ў сьвеце займае 34-е месца са 145 краінаў.
Рэйтынг гендэрнай роўнасьці, як і ў папярэдніх дзевяці гадах, быў падрыхтаваны швэйцарскім фондам Усясьветны эканамічны форум.
Агульны індэкс Беларусі — 0.73. Краіны могуць атрымаць індэкс ад нуля (поўная гендэрная няроўнасьць) да адзінкі (поўная роўнасьць).
Частковы індэкс Беларусі ў сфэры адукацыйных дасягненьняў роўны адзінцы, у сфэры здароўя і выжываньня — 0.979. А вось трэці частковы індэкс, у сфэры палітычных паўнамоцтваў, усяго 0,146. Ён якраз найболей уплывае на агульную ацэнку індэксу гендэрнай роўнасьці. Для вылічэньня гэтага індэксу, у прыватнасьці, улічваецца прадстаўніцтва жанчын у парлямэнце і на міністэрскіх пасадах.
У мінулым годзе Беларусь у гэтым рэйтынгу займала 32-е месца зь індэксам 0,730.
Суседзі Беларусі маюць у агульным рэйтынгу наступныя месцы: Латвія — 20, Літва — 31, Польшча — 51, Украіна — 67, Расея — 75.
На першых месцах у сёлетнім рэйтынгу гендэрнай роўнасьці:
1) Ісьляндыя;
2) Нарвэгія;
3) Фінляндыя;
4) Швэцыя;
5) Ірляндыя.
Найгоршыя паказьнікі ў сёлетнім рэйтынгу:
141) Іран;
142) Чад;
143) Сырыя;
144) Пакістан;
145) Емэн.