Лукашэнка падзякаваў Нікалічу за падтрымку на выбарах: вы сапраўдны сябар

Таміслаў Нікаліч і Аляксандар Лукашэнка

У адносінах Беларусі і Сэрбіі абсалютна няма праблемных пытаньняў, якія б не вырашаліся.

Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка 19 лістапада ў Менску на сустрэчы з прэзыдэнтам Сэрбіі Таміславам Нікалічам.

Лукашэнка падзякаваў Нікалічу за падтрымку як на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, так і на гэтых, і сэрбскаму народу — за тое, што апошнім часам удалося прасунуцца ў адносінах.

«Вы ў нас ня першы раз, вы сапраўдны сябар, таму што вы ня толькі па абавязку сваёй службы наведваеце Беларусь, вы і ня будучы прэзыдэнтам былі тут», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што шануе тыя асабістыя сяброўскія адносіны, якія склаліся ў яго зь Нікалічам. На яго думку, яны шмат значаць для адносін дзяржаў, перадае БЕЛТА.

Лукашэнка адзначыў, што праблемаў у палітычных адносінах паміж дзьвюма краінамі таксама няма. «Мы разумеем сыстэму ўлады ў Сэрбіі. Калі нейкія партыі выказваюць сваё меркаваньне і гэта не сыходзіцца з нашай і вашай пазыцыяй, то гэта не агрэсіўнае меркаваньне, гэта меркаваньне асобных людзей. А ў пераважнай сваёй большасьці мы маем вельмі пазытыўны прагрэс у гэтым дачыненьні», — сказаў ён. На яго думку, у гэтым заслуга цяперашняга прэзыдэнта Сэрбіі.

«Мы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць, гэтаксама як і вы, у міжнародных арганізацыях. Мы паабяцалі, што падчас вашага старшынства ў АБСЭ зробім максымум для таго, каб вы ніколі не сказалі, што мы былі пасіўныя ў гэты пэрыяд», — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.