Выбуховую прыладу, якая меркавана была выкарыстаная для тэракту на борце расейскага самалёта А321, аналягічная самаробным бомбам, што ўзарваліся ў жылых дамах у Маскве ў верасьні 1999 году. Да такой высновы прыйшлі экспэрты, апытаныя расейскай газэтай «Коммерсантъ».
Напярэдадні часопіс тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» Dabiq апублікаваў фота самаробнай бомбы. Яна ўяўляе сабой алюмініевую банку з-пад напою Schweppes, электрадэтанатар і перамыкач.
Экспэрт-выбухатэхнік распавёў выданьню, што на фатаграфіі зьмешчаная выява «стандартнага электрадэтанатара савецкага ўзору» і звычайны выключальнік для бытавых прыбораў з прымацаваным да яго ізастужкай таймэрам. Усе гэтыя прадметы знаходзяцца ў вольным продажы і адносяцца да элемэнтарнай электронікі.
Газэта адзначае, што аналягічныя выбуховыя прылады ўжываліся баевікамі на Паўночным Каўказе. Экспэрты зьвярнулі ўвагу, што мэханізм прывядзеньня ў дзеяньне зьмешчанай на здымку тэрарыстаў бомбы адпавядае тым, якія выкарыстоўваліся пры выбухах дамоў у Маскве ў 1999 годзе. Тады загінулі 230 чалавек. Расейскія ўлады абвінавацілі ў арганізацыі тэракту баевікоў, якія дзейнічалі на Паўночным Каўказе — Хатаба і Абу Умара.
У крушэньні расейскага самалёта ў Эгіпце, адказнасьць за якое ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава», загінулі 224 чалавекі.