15 кіроўцаў ваўкавыскай фірмы «Ніка-таксі 22222» гатовыя пачаць страйк. Працаўнікі пратэстуюць супраць намераў мясцовай транспартнай інспэкцыі аштрафаваць кіроўцаў на 5 базавых велічынь кожнага за перапрацоўку.
Стваральнік фірмы, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч тлумачыць, чаму падтрымлівае абурэньне падначаленых.
«Ваўкавыск — маленькі горад. Звычайна кіроўцы могуць за зьмену праехаць 50-70 кілямэтраў, а ў астатні час стаяць, чакаючы заказу. Зараз крызіс, больш за ўсё заказаў толькі ноччу, калі праходзяць пасажырскія цягнікі, а дабрацца дамоў людзям інакш як на таксі немагчыма.
Вось нашы кіроўцы і пастанавілі, што гатовыя перапрацоўваць, хаця гэта толькі фармальная перапрацоўка, бо большасьць часу яны проста стаяць. Адпаведны загад па фірме таксама ёсьць.
Але інспэкцыя гэтага ня хоча ўлічваць і пачала да іх чапляцца — маўляў, працуюць больш, чым трэба паводле закону. Гэта так, але трэба ж улічваць і эканамічныя рэаліі.
У выніку пры заробку ледзь па 2 мільёны кіроўцам пагражаюць штрафы ў 900 тысяч рублёў. Адсюль і настроі ў людзей, зьвязаныя са страйкам.
Мне, як адмыслоўцу, які адказвае за іх працу, лепш бы яны працавалі, а не страйкавалі, але і спыніць людзей я не змагу, калі справа сапраўды дойдзе да гэтых штрафаў.
Увогуле дзіўная сытуацыя: людзі хочуць працаваць і зарабляць, каб карміць сем’і, а ім узбраняюць, хаця кіраўнікі краіны заклікаюць працаваць больш, нават на некалькіх працах. І каму будзе лепш, калі яны перастануць працаваць па начах, скарацяцца заробкі і падаткі? Пасажырам — не. Казьне — таксама не. Магчыма, стане лепш толькі нашым канкурэнтам ды тым супрацоўнікам транспартнай інспэкцыі, якія ім сымпатызуюць», — мяркуе Мікалай Аўтуховіч.
Былы кіраўнік фірмы таксі «Ніка-транс» Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю пасьля 5 гадоў турмы ў 2014 годзе. Больш за год Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся пад наглядам міліцыі. Прадпрымальнік апавядаў, што мясцовыя ўлады цягам году чынілі яму розныя перашкоды ў справе адраджэньня бізнэсу.
Паводле суду Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны за захоўваньне патронаў. Праваабаронцы і апазыцыйныя палітыкі мяркуюць, што абвінавачаньне Мікалаю Аўтуховічу было сфабрыкавана, каб адпомсьціць прадпрымальніку за змаганьне з карупцыянэрам ў Ваўкавыскім раёне.