Украіна едзе ў Францыю і на групавой стадыі не сустрэнецца з Расеяй

Гульцы зборнай Украіны па футболе сьпяваюць нацыянальны гімн перад кваліфікацыйнай гульнёй ЭЎРА-2016 супраць Гішпаніі. Кіеў, 12 кастрычніка 2015 году

Футбольная зборная Ўкраіны прабілася на чэмпіянат Эўропы 2016 году, адолеўшы ў стыкавых матчах супернікаў са Славеніі. У адборачным турніры яна гуляла ў адной групе зь беларусамі і двойчы сьвяткавала вікторыю.

У першым паядынку ўкраінцы не пакінулі шанцаў апанэнтам, атрымаўшы на «Львоў Арэне» заслужаную перамогу зь лікам 2:0. Сёньня ўначы давялося задавольвацца нэрвовай нічыёй, прычым, гол у адказ каманда Ўкраіны забіла ўжо ў дадатковы час. Але гэтага хапіла, каб вырвацца наперад па суме двух сустрэчаў — 3:1.

Адзін зь лідэраў зборнай Андрэй Ярмоленка пасьля гульні не хаваў радасьці, што каманда будзе ўдзельнічаць у Эўра2016 у Францыі — дарэчы, упершыню ў гісторыі кантынэнтальных першынстваў у фінальнай частцы будуць спаборнічаць 24 каманды:

«Я вельмі шчасьлівы і задаволены, што нашаму пакаленьню ўдалося зьняць праклён стыкавых матчаў і трапіць на чэмпіянат Эўропы», — адзначыў футбаліст.

Гэтаксама ў Францыю зьбіраецца і зборная Расеі — прынцыповы супернік Украіны ня толькі на футбольным полі. Аднак прынамсі на групавым этапе сустрэцца камандам не давядзецца: у часе «пасеву», які грунтуецца на рэйтынгу УЭФА, яны патрапілі ў адзін кошык і падчас жэрабя будуць разьведзеныя па розных групах.