У афіцыйных беларускіх календарах няма ні Дня волі, ні Дня беларускай вайсковай славы. Якім мае быць нацыянальны каляндар і якія даты павінны ў ім адзначацца? Госьцем перадачы — галоўны рэдактар выдавецтва «Юніпак» Валеры Дубоўскі.
Валеры Дубоўскі: Калі я працаваў у выдавецтве «Беларусь», там была створаная адмысловая рэдакцыя календароў, празь іх мы паказвалі сваю гісторыю і культуру. І наклады каляндарныя тады былі — дзясяткі тысячаў. А сёньня — рынак, і наклады будуць такія, колькі замоваў паступіць. Замовяць дзесяць тысячаў — будзе дзесяць тысячаў, замовяць сто — будзе сто. А мы робім календары незвычайныя: там думкі адмысловыя, тэкст адмысловы, канцэпт адмысловы, і мастакі іх ствараюць упершыню і толькі для нас. Скажам, вось каляндар на 2016 год — «Сядзібы музаў», з партрэтамі Агінскага, Храптовіча, братоў Тышкевічаў, Дамейкі і г.д. Прычым мы супрацоўнічам з найлепшымі мастакамі — Ігарам Гардзіёнкам, Паўлам Татарнікавым, Юліяй Рудзіцкай. Яны запатрабаваныя ва ўсім сьвеце, яны ілюструюць кнігі для замежных выдавецтваў, але знаходзяць час і для працы з нашымі календарамі.
Ёсьць падзеі, якія ў беларускай гісторыі недаацэненыя. Скажам, у нашым календары адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы — 8 верасьня, калі ў 1514 годзе адбылася вядомая Бітва пад Воршай. І нам ня трэба саромецца, што там пабілі маскоўцаў (панятку «Расея» тады папросту не існавала). Сваё трэба ведаць і шанаваць.
Сёньня недахоп культуры існуе і ва ўладзе, і ў грамадзтве. І трэба ад гэтага пазбаўляцца. На першы погляд, памкненьне такое назіраецца. Павіншаваў жа Аляксандар Лукашэнка Сьвятлану Алексіевіч з Нобэлеўскай прэміяй. Павіншаваў, а потым пачалася пікіроўка... Вось гэта нам трэба паступова пераадольваць. Пераадольваць праз асьвету, празь веданьне свайго. Я рэкамэндую беларускім чыноўнікам павесіць нашы календары ў кабінэтах.