Беларускага грамадзяніна Сяргея Бараноўскага, які жыў у вёсцы Чарленіўка Наваселіцкага раёну, што на Букавіне, узнагародзяць пасьмяротна.
Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя са спасылкай на Чарнавецкую абласную дзяржадміністрацыю.
Сёлета Бараноўскі памёр ад ранаў, якія атрымаў на Эўрамайдане ў лютым 2014 году.
Бараноўскі пераехаў ва Ўкраіну яшчэ ў 1991 годзе. Пабраўся шлюбам, у якім нарадзілася двое дзетак, атабарыўся ў вёсцы Чарленіўка, уладкаваўся электрагазазваршчыкам на тамтэйшай цагельні. Пасьля таго як «Беркут» зьбіў на кіеўскім Майдане незалежнасьці студэнтаў, Вараноўскі з аднавяскоўцамі выправіўся ў Кіеў. Падчас трагічных падзеяў у лютым 2014 году ён быў цяжка паранены. Нягледзячы на ўсе намаганьні дактароў, 19 сакавіка 2015 году беларус памёр.
Мясцовая адміністрацыя хадайнічала пра ўзнагароджаньне беларуса «Ордэнам Нябеснай сотні», які быў заснаваны ў гонар герояў, што загінулі падчас лютаўскіх падзеяў 2014 году. Гэта адна зь нешматлікіх дзяржаўных узнагародаў Украіны, якой можна ўганароўваць іншаземцаў.
Раней «Ордэн Нябеснай сотні» атрымаў беларус Міхаіл Жызьнеўскі.