На станцыях менскага мэтро зьявіліся ўзброеныя міліцыянты, якія нясуць дзяжурства ў гадзіны пік, часам цікавяцца рэчамі пасажыраў. Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі патлумачыў Свабодзе прычыны ўзмацненьня аховы грамадзкага парадку:
«Пачынаючы з суботы 14 лістапада быў прыняты шэраг захадаў, скіраваных на ўзмацненьне сыстэмы бясьпекі. Гэта кропкавыя захады, калі і дзе дакладна — казаць ня буду. Галоўнае, што трэба ведаць, што захады зробленыя і дзейнічаюць. Магу яшчэ сказаць, што гэтыя захады будуць дзейнічаць згодна зь неабходнасьцю. Пэўнага дня, калі іх адменяць, няма», — адказаў міліцыянт.
Паводле Аляксандра Ластоўскага, узмацненьне захадаў бясьпекі распаўсюджана ня толькі на мэтро, але і на іншыя сродкі і аб’екты транспарту:
«У кожным па-рознаму, у залежнасьці ад ступені небясьпекі. На чыгуначным, аўтамабільным, грамадзкім транспарце ёсьць свае асаблівасьці, якія ўлічаныя».
Аляксандар Ластоўскі дадаў, што не валодае зьвесткамі пра тое, ці быў хто з удзельнікаў транспартнага руху затрыманы ў выніку дадатковых захадаў па ўзмацненьні сыстэмы бясьпекі ў Менску.