Да Лукашэнкі прыяжджае прэзыдэнт з Эўропы, але не з Эўразьвязу

Прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч

Прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч 18-20 лістапада наведае з афіцыйным візытам Беларусь. Такое паведамленьне зьявілася сёньня на афіцыйным сайце кіраўніка беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным складах і падпішуць супольную заяву. Плянуецца, што яны наведаюць будаўнічую пляцоўку экспэрымэнтальнага шматфункцыянальнага комплексу «Менск-Сьвет», дзе прымуць удзел у цырымоніі закладкі памятнай капсулы, якая сымбалізуе пачатак яго будаўніцтва. Сэрбскія фірмы ўжо шмат гадоў займаюцца будаўніцтвам у Беларусі, уключна з ўзьвядзеньнем жыльля.

«Чакаць нечага істотнага ад гэтага візыту Беларусі не выпадае» — адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

«Сэрбія не ўваходзіць у Эўразьвяз. Яна туды, праўда, імкнецца. Аднак пазыцыя яе даволі хісткая. З аднаго боку, Сэрбія імкнецца ў Эўразьвяз, з другога, санкцыі (і ня толькі супраць Беларусі) яна не падтрымлівае.

Даць Беларусі нешта ў матэрыяльным сэнсе Бялград наўрад ці можа. Палітычнай вагі ён таксама ня мае. Таму гэта сымбалічны візыт. Да таго ж у Сэрбіі прэзыдэнт больш цырыманіяльная фігура. Галоўны чалавек там прэм’ер. А ён як раз прытрымліваецца боль праэўрапейскіх пазыцыяў. Так што, ня думаю, што гэты візыт будзе прыкметным».

Апошні раз Лукашэнка і Нікаліч размаўлялі праз тэлефон 20 кастрычніка 2015 году. Тады кіраўнік Сэрбіі павіншаваў беларускага калегу з пятай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.