Маладафронтаўцаў скруцілі і вывелі з залі падчас сустрэчы з ідэолягам «русского мира»

На сустрэчы зь Мікалаем Старыкавым у Менску пабілі маладафронтаўцаў

Пісьменьнік і адзін з ідэолягаў «русского мира» сёньня праводзіў сустрэчу з прыхільнікамі ў Менску ў сталічным «Доме Масквы».

Перад будынкам адбылася «пераклічка» студэнтаў. Раней паведамлялася, што ўзамен за наведваньне мерапрыемства навучэнцам нібыта абяцаныя дадатковыя выходныя.

Адразу як пачалася сустрэча, актывісты «Маладога Фронту» ўсталі зь месцаў і пачалі скандаваць: «Чамадан! Вакзал! Расія!». Людзі ў цывільным падбеглі да іх, скруцілі і вывелі з памяшканьня. Сустрэча працягвалася далей, поўная заля асудзіла актывістаў і падтрымала Старыкава аплядысмэнтамі.

«Тут рэальна рускі сьвет. Месцаў не хапае, я сяджу на другім паверсе. Вакол маладыя і падцягнутыя хлопцы, яны прыйшлі самі. Шкадавалі, што не маглі пару разоў ударыць маладафронтаўцаў. Калі Старыкаў сказаў, што паветра стала „чыстым“ пасьля вываду маладафронтаўцаў, заля сапраўды шчыра аплядавала» — распавёў Радыё Свабода Іван Шыла, які прыйшоў на сустрэчу ў якасьці журналіста.

Мікалай Старыкаў вядомы сваімі антыўкраінскімі і антыбеларускімі выказваньнямі, калі справа тычыцца жаданьня славянскіх народаў вырвацца з-пад расейскай апекі. Ён адзін зь лідэраў руху «Антымайдан», цалкам падтрымлівае анэксію Крыму і расейскую агрэсію ў Данбасе.

Your browser doesn’t support HTML5

Дземідзенка: Рускі фашызм цяпер у агрэсіўнай стадыі і мы будзем зь ім змагацца

Выступ Мікалая Старыкава распачаўся сёньня ўвечары ў сталічным «Доме Масквы». Дзьве іншыя сустрэчы пасьля пратэстаў грамадзкасьці былі адмененыя — 15 лістапада ў канфэрэнц-залі гатэлю «Беларусь» і 17 лістапада ў кнігарні «Дом кнігі «Сьветач».

Узамен за наведваньне мерапрыемства навучэнцам нібыта абяцаныя дадатковыя выходныя. Пра гэта ў папярэднія дні ў сацыяльных сетках пісалі самі «добраахвотнікі».

Кіраўніца прэсавай службы ўнівэрсытэту Ала Баярка ў камэнтары для Радыё Свабода запэўніла, што ніякай прымусу ў дэлегаваньні студэнтаў на такога кшталту імпрэзы няма і быць ня можа. Больш за тое, сёньня на паседжаньні рэктарату гэтая тэма агучвалася асобна: «Унівэрсытэт падобнымі справамі не займаецца, нікуды студэнтаў адпраўляць мы ня будзем. Магу гэта афіцыйна вам заявіць. Сёньня на паседжаньні рэктарату пра гэта аб’явіў сам рэктар, таму гэта афіцыйная пазыцыя ВНУ.