Пра «бэльгійскі сьлед» у парыскіх тэрактах і ксэнафобію ў французаў распавядае Жанна Безп’ятчук, журналістка ўкраінскай службы Радыё свабода. Жанна працавала ў Парыжы адразу пасьля тэрактаў 13 лістапада і цяпер знаходзіцца ў Брусэлі.
Аляксандра Дынько: «Што вядома пра канкрэтных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да тэрактаў 13 лістапада ў Парыжы?»
Жанна Безп’ятчук: «Я пачала б зь бэльгійскага сьледу ў гэтай гісторыі. Зараз француская і бэльгійская паліцыя вызначылі канкрэтную асобу — гэта Салах Абдэслам, які жыў у Брусэлі і мае францускае грамадзянства. Ён сёньня абвешчаны ў росшук ва ўсіх краінах Эўразьвязу. Паводле дадзеных бэльгійскай паліцыі, у парыскіх тэрактах быў задзейнічаны ягоны брат, які быў сярод нападнікаў і загінуў.
На Салаха Абдэслама быў зарэгістраваны ў арэнду аўтамабіль «Фольксваген Пола», які знайшлі на месцы тэракту ў Парыжы.
15 лістапада ў адным з раёнаў Брусэля, Маленбэку, зрабілі вобшук і затрымалі 7 чалавек. Яны маглі быць датычнымі да парыскіх тэрактаў, але якім канкрэтна чынам, пакуль не паведамляецца.
І затрыманы таксама яшчэ адзін брат Салаха Абдэслама, які быў у Брусэлі.
— Якім чынам гэтыя асобы зьвязаныя з «Ісламскай дзяржавай»?
— Гэта складаная частка гісторыі. Праваабаронцы падаюць інфармацыю пра дакумэнты, пра перасоўваньні, аўтамабілі, якія выкарыстоўвалі непасрэдна злачынцы. Але што да сувязі гэтых людзей з ІД, афіцыйнай інфармацыі няма. Француская паліцыя і пракурор заявілі, што існавалі тры групы каардынацыі. Але як гэта адбывалася на тэрыторыі ЭЗ, таксама не зразумела.
У журналістаў ужо ёсьць шмат пытаньняў. Француская паліцыя паведаміла, што на месцы тэрактаў знойдзены сырыйскі пашпарт, які, імаверна, належаў аднаму з баевікоў 1990 году нараджэньня. Адсюль пытаньне: як чалавек, які ўзяў непасрэдны ўдзел у тэракце, пакінуў пры сабе дакумэнт, які можа скампрамэтаваць ня толькі яго, але і тых, хто стаіць за ім, і дапамагчы паліцыі расьсьледаваць гэтае злачынства?
Ад імя ІД апублікаванае камюніке, у якім яны бяруць на сябе адказнасьць і прызнаюць, што ў Парыжы загінулі 8 іхных «братоў», як яны кажуць. Хоць француская паліцыя пацьвярджае гібель 7 нападнікаў.
— Сьведкам якіх падзеяў вам самой давялося быць?
— Мы прыехалі ў Парыж ужо на наступны дзень, як адбылася трагедыя. Я б зазначыла, што ў Парыжы не было атмасфэры страху і панікі. Ужо ў другую палову суботы людзі хутка прыйшлі ў сябе. Рэстараны, кавярні, бары былі запоўненыя людзьмі. Грамадзкі транспарт працаваў як звычайна, нават побач зь месцамі гібелі людзей былі адкрытыя станцыі мэтро. Паліцыі на вуліцах візуальна было столькі ж, колькі звычайна.
Да месцаў гібелі людзей на бульвары Вальтэра, на вуліцы Алібэр ішлі людзі. Дзясяткі, сотні прыносілі кветкі, хтосьці плакаў. Часам рэпартэраў было столькі ж, колькі тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць загінулых. Часта гэта былі людзі, якія жывуць побач зь месцамі тэрактаў. Так, напрыклад, было на вуліцы Алібэр, дзе ў двух рэстаранах загінула ня менш за 15 чалавек. Яны часта ходзяць у гэтыя рэстараны, іх дзеці ходзяць паўз гэтыя месцы ў школу. Вядома, гэта моцна закранула людзей, выклікала глыбокія эмоцыі, і яны насамрэч перажываюць тое, што называецца «посттраўматычны стрэс».
Але калі ад’ехаць 5–10 хвілін на машыне, то можна пабачыць, што Парыж жыў сваім звычайным суботнім жыцьцём. Шмат турыстаў фатаграфаваліся каля Эйфэлевай вежы, паадчыняліся амаль ўсе крамкі, нават побач з цэнтрам Bataclan.
Шмат людзей гаварылі пра тое, што вельмі важна не паддацца страху. Што мэта гэтых тэрактаў — страх. І мэдыі, дарэчы, пасьпяхова яго пашыраюць. Такая праблема ёсьць.
Людзі казалі, што Парыж быў месцам свабоды і павінен такім застацца.
— Ці вы заўважылі праявы ксэнафобіі?
— Сярод тых, хто ўшаноўваў памяць загінулых, я ня бачыла людзей арабскага паходжаньня. Мне здаецца, што тыя, хто хацеў бы гэта зрабіць, устрымліваюцца ад таго, каб зьяўляцца ў тых месцах. Але сапраўды было заўважна, што ў Парыжы, дзе вельмі шмат людзей арабскага паходжаньня, шмат мусульман, у гэтых месцах я іх не пабачыла.
Два тэракты з шасьці былі ўчыненыя на вуліцы Алібэр у 10 акрузе Парыжа. Гэта квартал, які вядомы сваёй мультыкультурнасьцю. Там заўжды жыло і жыве шмат мусульман, габрэяў, лацінаамэрыканцаў — выхадцаў з усіх кантынэнтаў і краін сьвету. Проста ў сэрцы гэтага кварталу здарыўся тэракт. І людзі казалі: «Мы заўжды жылі ў атмасфэры такой мультыкультурнасьці і міжнароднай салідарнасьці. Для нас гэта проста дзікасьць, мы ня можам зьвязаць гэта зь нейкай нацыянальнасьцю ці рэлігіяй. Гэта цемрашальства, якое стаіць па-за межамі якіх бы там ні было нацыянальна-этнічных ідэнтычнасьцяў».
Праяваў ксэнафобіі я не пабачыла. Яна ёсьць у сацыяльных сетках, дзе пачынаюць зьвязваць пытаньні міграцыйнага крызісу, мігрантаў і ўласна гэтых тэрактаў. На месцы тэракту знайшлі сырыйскія дакумэнты, і ў сацыяльных мэдыях людзі даюць волю такім сваім праявам, якія можна назваць ксэнафабічнымі. Але ў той жа час там пішуць, што мігранты — гэта людзі, якія ўцякалі ад такіх людзей, як тыя, што зрабілі тэракты ў Парыжы.
Але на вуліцах Парыжа гэтага ніяк не адчуваеш.
— Як працуецца журналістам ва ўмовах асабістай небясьпекі?
— Калі побач з табой праходзяць сотні і тысячы людзей, якія нічога не баяцца, ушаноўваюць памяць людзей, плачуць, то побач зь імі няма пачуцьця небясьпекі. Атмасфэры страху таксама не было.
Зразумела, што трэба працаваць уважліва. Нават тое, што людзі могуць вольна падыходзіць да месцаў ускладаньня кветак і зьнічоў на вуліцы Вальтэра ці на плошчы Рэспублікі, гэта ўжо ўтварае пэўны публічны сход. Учора быў прэцэдэнт, калі было чуваць нешта падобнае да стрэлаў — але паліцыя не пацьвердзіла, што гэта была перастрэлка, — у раёне плошчы Рэспублікі. Там было вельмі шмат журналістаў. Шмат хто ў гэтыя хвіліны быў у жывым эфіры. Увесь натоўп пабег з плошчы, зносячы ўсё на сваім шляху. Трэба было арыентавацца па сытуацыі. На шчасьце, трывога была падманная. Але такое бывае.
Варта таксама зазначыць, што ў месцах такіх трагедыяў журналістаў вельмі-вельмі шмат. Колькасьць мэдыяў у суботу ў Парыжы сапраўды была неверагодная. Пытаньне пра тое, як мэдыі могуць нагнятаць атмасфэру страху, яшчэ трэба асэнсоўваць. Трэба думаць, як правільна асьвятляць такія падзеі, каб не даваць трыбуну страху.
— Моцна ўразіла ў гэтых падзеях тое, што яны павязаныя з краінамі, якія ўвасабляюць для нас панятак «эўрапейская бясьпека». Нават адна згадка пра Бэльгію, само «сэрца Эўразьвязу», прымушае пра гэта задумацца. Што, па-вашаму, цяпер будзе з гэтым паняткам — «эўрапейская бясьпека»?
— Людзі вольна перасоўваюцца. Колькасьць паліцыі прыблізна такая ж, як заўжды. Прынамсі, так выглядае візуальна. Эўрапейскія структуры таксама не адгароджаныя ад людзей. Усе праходы і вуліцы адкрытыя.
Мяжа паміж Францыяй і Бэльгіяй адкрытая. Мы свабодна праехалі туды і назад. Некаторыя аўтамабілі французы правяраюць. Гэта тое, што адбываецца на трасе. Магчыма, у аэрапортах і на чыгунцы кантроль больш жорсткі.
У мяне ўражаньне, што надзвычайнымі захадамі бясьпекі цяпер не злоўжываюць. Яны застаюцца абмежаванымі, кропкавымі. Хоць раяць ня езьдзіць у Парыж і ўнікаць масавых зграмаджэньняў людзей.
Тое, што тут разумеюць пад надзвычайнымі захадамі бясьпекі, на маю думку, гэта найперш хірургічна дакладная праца спэцслужбаў і паліцыі. У бэльгійскіх праваахоўнікаў ёсьць вельмі шмат інфармацыі пра людзей, якія патэнцыйна, а то і непасрэдна могуць быць задзейнічаныя ў тэрарыстычнай дзейнасьці Ісламскай дзяржавы. Паводле ацэнак бэльгійскіх экспэртаў, пад падазрэньне падпадаюць некалькі тысяч людзей, якія жывуць у Бэльгіі. Называлі нават лічбу да 5 тысяч.
Выглядае, што сёньня надзвычайныя захады бясьпекі — гэта праца ў дачыненьні да гэтых людзей, выяўленьне іх актыўных сувязяў. Учорашнія вобшукі і затрыманьні ў Брусэлі — гэта частка гэтай працы. Жыцьця звычайных людзей яны не закранаюць.
13 лістапада ў Парыжы здарылася сэрыя тэрарыстычных актаў, ад якіх загінулі сама меней 132 чалавекі, больш за 300 атрымалі раненьні. Адказнасьць за напады ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».