У Францыі абвешчаны ў вышук «восьмы падазраваны» ў датычнасьці да тэрактаў

Фота і апісаньне Салаха Абдэслама, які падазраецца ў датычнасьці да тэрактаў 13 лістапада ў Парыжы, распаўсюджанае францускай паліцыяй

Француская паліцыя апублікавала фатаграфію меркаванага ўдзельніка пятнічных тэрактаў, які да гэтага часу знаходзіцца на волі.

Паліцыя сьцьвярджае, што гэта 26-гадовы жыхар Брусэля на імя Салах Абдэслам. У паліцыі папярэджваюць, што так званы «восьмы падазраваны» небясьпечны для навакольных, і заклікаюць усіх, хто валодае інфармацыяй пра яго, зьвязацца з уладамі.

Салах Абдэслам зьяўляецца адным з трох братоў, зьвязаных з сэрыяй амаль адначасовых тэрактаў, якія адбыліся ў розных раёнах Парыжа ў пятніцу вечарам.

Другі брат, Ібрахім Салах, падарваў сябе ў канцэртнай залі «Батаклан» падчас атакі, якая забрала жыцьці больш за 80 чалавек. Бэльгійскія ўлады шукаюць трэцяга брата.