Футбалісты клюбу «Крумкачы» урэшце дабраліся да найвышэйшай лігі беларускага футбольнага чэмпіянату. Клюбу няма і двух гадоў, і праз свой імклівы посьпех ён стаў галоўнай інтрыгай беларускага чэмпіянату.
Сёньня «Крумкачы» гулялі з магілёўскім «Дняпром», чэмпіёнам і прызёрам беларускага першынства, некалі ўдзельнікам эўракубкаў. Перамога 2:0 на карысьць «Крумкачоў».
Падтрымаць «Крумкачоў» прыехала экс-кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч.
Для выхаду ў найвышэйшую лігу іх задавальняла і нічыя.
«Крумкачы» нарадзіліся на форуме газэты «Прессбол». У 2011 годзе некалькі карыстальнікаў форуму выйшлі ў офлайн і стварылі аматарскую каманду. Тры гады яны гулялі ў менскай гарадзкой лізе Асацыяцыі аматарскага футболу і ў камандзе заўзятараў менскага «Дынама».
«Калі стваралі каманду, мы з братам хацелі знайсьці беларускую назву, — узгадвае Дзяніс Шунто. — Пачалі перабіраць розных жывёл. І „Крумкачы“ ўсім спадабаліся».
Назвай беларушчына не абмяжоўваецца — усе афішы сваіх гульняў «Крумкачы» афармляюць па-беларуску. Абяцаюць і свайго дыктара на хатнім стадыёне таксама навучыць беларускай мове.
Заснавальнікамі клюбу выступілі трое: Дзяніс Шунто, Васіль Глезаў і Ўладзіслаў Маяроўскі.
Свабода раней ужо пісала пра «Крумкачоў». Чытаць артыкул цалкам >>
ВІДЭА:
Your browser doesn’t support HTML5