12 сьнежня Tuzin.fm адзначае 12-ты дзень народзінаў і ладзіць вялікі канцэрт намінантаў прэміі «Героі году». У клюбе «Пляцоўка Хол» назавуць галоўнае адкрыцьцё і найлепшы гурт у беларускай музыцы за 2015 год.
«Наш праект стартаваў у беларускім сеціве ў кастрычніку 2003, але так павялося, што дзень народзінаў прыпадае на магічную дату – 12.12. У гэты ж дзень мы называем найлепшы дэбют і найлепшы гурт у беларускай музыцы за год», – кажа кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.
На «Героях году» прадстаўлена пяць намінацыяў. Пераможцаў у дзьвюх галоўных — «Адкрыцьцё году» і «Героі году» — вызначае рэдакцыя парталу. «Найлепшы кліп», «Найлепшую песьню» і «Найлепшы альбом» абіраюць наведнікі парталу. Падвядзенне вынікаў музычнага году на партале адбываецца штогод ужо ў 13-ты раз. У розны час найлепшымі прызнаваліся такія гурты, як Zet, N.R.M., «Крамбамбуля», рок-паэт Міхал Анемпадыстаў, «Ляпіс Трубяцкі», Akute, Re1ikt, летась «Героямі году» былі названыя Dzieciuki.
Квіткі на «Герояў году» ужо зьявіліся ў продажы. Да абвяшчэньня шорт-ліста 23 лістапада іх можна набыць з істотнай зьніжкай.
Your browser doesn’t support HTML5