Разанаў: «Вершы не выдумваюцца, вершы здабываюцца»

Алесь Разанаў

10 разваг і выказваньняў Алеся Разанава пра паэзію і творчасьць у адкрытай лекцыі паэта.

11 лістапада 2015 году ў Лятучым ўнівэрсытэце паэт, перакладчык і мысьляр, «вялікі алхімік сэнсу» Алесь Разанаў правёў адкрытую лекцыю «Невядомая велічыня: чытаем верш».

Для «разбору» Алесь Разанаў абраў верш паэта Алеся Пісьмянкова «Мой сад у сьнезе па калена».

А саму лекцыю Разанава мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч назваў «вершам у прозе, ініцыяваным іншым вершам». Праўда, лекцыяй тое, што адбывалася цягам дзьвюх гадзінаў у залі, назваць цяжка. Хутчэй, гэта была дыскусія, у якую ўключыліся беларускія інтэлектуалы Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, ужо ўзгаданы Ўладзімер Мацкевіч, аматары паэзіі Разанава, якія пасьля сустрэчы выстройваліся ў доўгую чаргу па аўтографы аўтара.

Філёзаф Ігар Бабкоў назваў паэзію Алеся Разанава «алхіміяй сэнсу», а самога Разанава — шаманам.

10 разваг і выказваньняў Алеся Разанава пра паэзію

«Філязофія вяла гаворку з сутнасьцямі, паэзія вяла размову з музамі, з багінямі і багамі. Калі мы ўзгадаем клясыку, антыку, як пачынаецца Гамэрава „Іліяда“? „Гнеў, о Багіня, усхвалі Ахілеса, Пелеева сына...“ Таксама ў і наступнікаў: у Вяргілія — зварот да музы. Такім чынам, мы робім выснову, што творчасьць — гэта СУ-ТВОРЧАСЬЦЬ. У апошнія гады забыліся на гэта правіла, цяпер іншыя арыенціры.

Яшчэ Кант калісьці ўзгадваў: „Паэзія сярод усіх мастацтваў самая ўзьнёслая зьява“. З самай ўзьнёслай зьявы яна стала самай узьніжанай, з самай узвышанай — самай незапатрабаванай. У чым справа? З аднаго боку, сама рэчаіснасьць стала не гатовай успрымаць тое, што гаварыла паэзія, рэчаіснасьць не гатовая да размовы з тымі велічынямі, з тымі боскімі існасьцямі, зь якімі мела справу паэзія.

З другога боку, сама паэзія стала як бы глядзець на тое, што адбываецца, на навакольную рэчаіснасьць, браць рэакцыю аўдыторыі за нейкія арыенціры...

Але паэзія ўсё роўна, якой бы яна ні была, у сваіх праўдзівых выявах, творах, вершах захоўвае тое першапачатковае. Яно, магчыма, застаецца невымоўным, але застаецца».

Алесь Разанаў

«У вершы заўсёды ёсьць тое, што вымавілася, і тое, што ня вымавілася, тое, што выявілася, і тое, што ня выявілася».

«Вершы — гэта зьява неасэнсаваная, яны не асэнсоўваюцца, як асэнсоўваюцца філязофскія катэгорыі, у іх няма гэтых філязофскіх катэгорый. У іх ёсьць нешта іншае — ёсьць думка, што ўсё прамінае, як ня вартае ўвагі. А яно застаецца».

«Перш чым пісаць верш, трэба стаць нямым, і ў немаце нешта забыць нанова».

«Верш заўсёды не да канца вымаўлены».

Наведнікі адкрытай лекцыі

«Мова — зьява, якая таксама не да канца вымаўленая, і тое, што яна азначае, гэта зусім не азначае тое, што яна мусіць азначаць вось гэта. Яна таксама ў сабе мае глыбіні, памяць пра іншую рэчаіснасьць».

«Я ўвёў у беларускую літаратуру, у паэзію нейкія іншыя формы: версэты, квантэмы, пункціры, зномы, вершаказы, паэмы. Тое, пра што там гаварылася — яно сказалася, яно не мае патрэбы ў паўтарэньні. Далейшае і глыбейшае знаходзіла ўвасабленьне ў іншых выявах, іншых формах. Пункціры ці квантэмы — гэта паэмы ў скароце. Калі паэма — колас, то пункцір — зерне, яны ўзаемапрысутнічаюць, яны перацякаюць, радкі не адасобленыя ад ўсяго верша, ад усяго тэксту. Верш моцна спалучаны з кожным словам, з кожным словазлучэньнем...»

«Верш заўсёды істотны невядомай велічынёй, зь ёй ён суадносіцца. Прачытваючы верш, мы заўсёды выходзім па-за межы верша, адкрываем магчымасьць той невядомай велічыні... Таму верш чытаецца, таму не становіцца проста пройдзеным».

«Паэзія і філязофія, вымаўленьне і тлумачэньне — яны даўно хочуць сысьціся, яны ідуць разам — то сьлед у сьлед, то нехта наперадзе, нехта — ззаду, але яны выходзяць, яны выходзяць у сустрэчу Яны выходзяць у тую сустрэчу, якая ўнутры іх, памятаецца, адчуваецца, каб перастаць быць сабой. Яны зараз абмежаваныя сабою»

«Вершы не выдумваюцца, іх выдумаць нельга. Вершы здабываюцца»

Алесь Разанаў раздае аўтографы

Дзьве гісторыі пра Разанава — перакладчыка, якія ўзгадаў Ігар Бабкоў

У 1980 годзе малады рэжысэр Валеры Масьлюк у Беларускім акадэмічным тэатары імя Якуба Коласа ў Віцебску паставіў камэдыю літоўскага драматурга Казіса Саі «Клеменс». П’есу пераклаў Алесь Разанаў. На спэктакль адмыслова прыяжджалі літоўцы і не пазнавалі яго, бо ў Літве «Клеменс» Казіса Саі — гэта такі просты сялянскі твор, а ў Віцебскім драмтэатры ішоў мэтафізычны крамольны спэктакль з антысавецкімі «сонгамі», музыку для якіх напісаў Уладзімер Кандрусевіч:

«І гэты час, І гэты лад — Не назаўсёды».

Калі паўставала пытаньне, адкуль ўзяўся такі пераклад, Разанаў адказваў: «Я проста дадумаў да канца тыя інтэнцыі, якія былі закладзеныя ў тэксьце Казіса Саі».

Алесь Разанаў і Ігар Бабкоў (справа)

Другая гісторыя зьвязаная з перакладам «Баляд Кукуціса» літоўскага паэта Марцэліюса Марцінаўціса. У перакладзе Разанава чамусьці балядаў аказалася на 7 больш, чым іх было ў Марцінаўціса. Калі аўтар запытаўся, адкуль яны ўзяліся, Разанаў адказаў, што яны напісаліся ў працэсе перакладу, маўляў, «яны вынікаюць з нашай беларускай рэчаіснасьці, якая прапаноўвала свае сюжэты». І калі кніжка рыхтавалася да друку, ніхто з выдавецтва ня ведаў, што 7 перакладаў не належаць літоўцу. Толькі калі ўжо зьявілася карэктура, Разанаў прапанаваў частку баляд пазначыць «зорачкай» — «баляды, пазначаныя зорачкай, належаць пяру перакладчыка». Калі б яны ішлі б асобна, цэнзура іх бы не прапусьціла. Марцінаўціс пажартаваў потым, што гэтыя баляды Разанава цяпер трэба перакласьці на літоўскую мову.

Алесь Разанаў раздае аўтографы