На сьвіслацкага актывіста Юрыя Глебіка міліцыянты склалі пратакол, паводле якога яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве — традыцыйным ушанаваньні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
На сёлетні фэст у Сьвіслач, каб ушанаваць паўстанцаў Каліноўскага, 31 кастрычніка зьехаліся дзясяткі людзей з розных гарадоў Беларусі. Фэст адбываўся 21-ы год запар.
Паводле Глебіка, праграма фэсту была традыцыйнай: наведалі ў Сьвіслачы магілу Віктара Каліноўскага, помнік Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а таксама былую сядзібу Каліноўскіх у вёсцы Якушоўка.
Традыцыйна ніякіх дазволаў на ўшанаваньне памяці продкаў, паводле Глебіка, ні пісьмова, ні вусна ніхто не прасіў, паколькі ўшанаваньне памяці продкаў адбывалася ў межах старажытнай беларускай традыцыі — на Дзяды, калі людзі ідуць да магілаў продкаў, ускладаюць кветкі і запальваюць зьнічы.
«А тое, што ўлады за ўшанаваньне продкаў ізноў зьбіраюцца нас штрафаваць, цяжка пракамэнтаваць. Думаю, што яны ўжо даўно несамастойна прымаюць такія рашэньні і робяць гэта па ўказцы зьверху. І ніхто ніякіх традыцыяў беларускага народу пры гэтым ня ўлічвае. Такая сёньня рэальнасьць», — сказаў Юры Глебік Свабодзе.
Летась за ўдзел у сьвіслацкім фэсьце на Дзяды былі асуджаныя 18 чалавек з розных гарадоў Беларусі.