Марціновіч анансаваў свой новы раман «Возера радасьці»

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч анансаваў новы раман падчас урачыстага старту кінафэстывалю Smartfilm, дзе ўвайшоў у склад літаратурнага журы.

«Увесну наступнага году выйдзе кніга, якая называецца „Возера радасьці“, — сказаў Свабодзе Віктар Марціновіч. — Цяпер мы працуем над вызначэньнем фармату і выдаўцоў, вызначаем, якім чынам будзе выдавацца. Дакладна будзе беларускі рэліз, усё астатняе вызначаем».

Дэталі сюжэту пісьменьнік не раскрывае, але абяцае захапляльную гісторыю:

«Гэта будзе раман пра сталеньне ў Беларусі, раман пра нелюбоў, раман пра прыгоды 30-гадовай дзяўчынкі ў зачараваным лесе, а ў ролі лесу будзе выступаць сучасны горад, тры сусьветныя сталіцы».

Кнігі Марціновіча выходзяць па-расейску і па-беларуску, іх пераклалі на ангельскую, нямецкую і іншыя мовы. На сёньня выйшлі чатыры раманы пісьменьніка: «Параноя» (2009), «Сьцюдзёны вырай» (2011), «Сфагнум» (2013) і «Мова» (2014). За «Сьцюдзёны вырай» Марціновіч атрымаў літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, таксама пісьменьнік уганараваны прэміяй Эўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі.