11 лістапада ў шмат якіх краінах адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Першай усясьветнай вайны. Шырокамаштабны збройны канфлікт Аўстра-Вугорскай, Асманскай, Германскай і Расейскай імпэрыяў стаў адным з самых крывавых у гісторыі: больш як за чатыры гады супрацьстаяньня загінулі 10 мільёнаў чалавек, 20 мільёнаў былі параненыя.
Мястэчка Крэва здаўна стала арэнай сілавога высьвятленьня міждзяржаўных адносінаў. Пачынаючы ад XIV cтагодзьдзя абарончы замак вялікіх князёў літоўскіх зьведаў нямала варожых нападаў: яго бралі ў аблогу крыжакі, маскоўскія ваяводы, перакопскія татары. Але маштаб разбурэньняў, якія прынесла Першая ўсясьветная, мясцовыя наўрад ці маглі сабе нават уявіць.
Краязнаўца Аляксандар Камінскі намагаецца сыстэматызаваць зьвесткі пра падзеі 100-гадовай даўнасьці. У дасьледаваньні «Крэўская пазыцыя. Хроніка супрацьстаяньня» ён на падставе архіўных дакумэнтаў апісвае, як выглядала мястэчка ўвосень 1915-га, калі ў выніку стабілізацыі лініі фронту Крэва аказалася разьдзёртае на дзьве паловы:
«На ўсходніх яго пагорках раскінуліся абарончыя ўмацаваньні рускіх, заходняя частка перайшла ў рукі германцаў. Нэўтральная тэрыторыя абапал рэчкі Крыўлянкі была аблытана сеткай драцяной загароды. На нямецкім баку, упісаўшыся ў першую лінію абароны, апынуўся і Крэўскі замак...».
З той вайной у спадара Камінскага асабістыя рахункі: увосень 1915-га ягоных продкаў прымусова вывезьлі ў расейскі тыл, а нехта знайшоў там апошні прытулак.
Ён ладзіць экскурсію па навакольлі, дзе пра крывавыя падзеі пачатку ХХ стагодзьдзя дагэтуль нагадвае разгалінаваная фартыфікацыя — акопы, доты, парэшткі драўляных і бэтонных бліндажоў. Найлепш захаваліся германскія доты — кайзэраўцы ўжо тады ўзводзілі «на вякі». Расейцы ў якасьці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўвалі лес, а таксама бярвёны з дамоў і гаспадарчых пабудоваў — яшчэ да прыходу германцаў мястэчка згарэла:
«Крэва падчас Першай усясьветнай было цалкам спаленае, ад яго фактычна нічога не засталося. Усе драўляныя пабудовы былі зьнішчаныя: расейцы ўсё спалілі перад адыходам, каб нічога не дасталося ворагу. А жыхароў адправілі ў бежанцы. Апынуліся хто дзе. Прыкладам, мае дзядуля і бабуля былі вывезеныя ў Яраслаўскую губэрню, тата нарадзіўся ўжо там. То бок выправілі ў эвакуацыю акурат у той час, як пачалася вайна. Дык дзед там і памёр, а ён з маці і астатнія дзеці вярнуліся на радзіму, калі Заходняя Беларусь ужо была ў складзе Польшчы. Цікава, што жыхароў навакольных вёсак адпраўлялі бліжэй: некаторыя знаёмыя нашай сям’і апынуліся за нейкіх 20 кілямэтраў ад лініі фронту. Магчыма, проста не пасьпявалі наладзіць масавую адпраўку. Каму як пашчасьціла».
Your browser doesn’t support HTML5
Паглыбляемся ў крэўскі лес. Месца пад назвай Бабін Лог, дзе ў верасьні 1915-га атабарыліся кайзэраўцы. Перад вачыма паўстае адзін з самых незвычайных дотаў, які толькі даводзілася бачыць. Спадар Камінскі не выключае, што гэта надземная частка разгалінаванага лябірынту, схаванага глыбока пад зямлёй:
«Своеасаблівая форма ваеннай архітэктуры: рэзка спускаецца ўніз, з конусападобнай стольлю. Цяжка сказаць, якое сапраўднае функцыянальнае прызначэньне. Як на маё гледзішча, гэта ўваход у падзямельле. Не выключаю, што перад першай лініяй абароны германцаў быў такі праход, бо калі прайсьці далей па адной лініі, зь зямлі выходзяць калодзежы спэцыфічнай формы. Іх прызначэньне таксама незразумелае, але гарматы там адназначна не паставіш. Магчыма, нейкія аддушыны, каб трапляла паветра. Глядзіце: столь рэзка ідзе ўніз, хутчэй за ўсё, далей калідор проста засыпаны. Мяркую, туды вялі прыступкі, па якіх можна было спускацца. Увогуле нямецкія доты маюць прадуманую, цікавую форму. А ня тое, што рабілі, як каму захацелася. Ёсьць бліндажы з двума ўваходамі: калі адзін будзе засыпаны пры абстрэле, то можна выбрацца праз другі».
Адмыслоўцы лічаць, што напачатку і нямецкія ўмацаваньні былі драўляныя. Але калі пазыцыйная вайна стала непазьбежнасьцю, давялося акопвацца больш грунтоўна. Адзін з такіх дотаў, да якога падводзіць Аляксандар Камінскі, датаваны красавіком 1917-га. Іншы — жніўнем таго ж году:
«Расейцы свае камунікацыі і збудаваньні рабілі з дрэва, таму яны да нашага часу і не дайшлі. Немцы ўзводзілі бэтонныя, з жалезнай, гафрыраванай стольлю. Гэтыя канструкцыі пасьля вайны людзі актыўна выкарыстоўвалі найперш пад скляпы — жалеза ў гаспадарцы вельмі цанілася. Спачатку немцы таксама ставілі драўляныя ўмацаваньні, а ўжо як пачалі рыхтавацца да расейскай наступальнай апэрацыі ў ліпені 1917-га, прывозілі спэцыяльныя матэрыялы, будавалі магутныя бэтонныя доты. Расейцы плянавалі апэрацыю яшчэ на пачатку году, але яе ўсё пераносілі, пераносілі і ўрэшце дацягнулі да ліпеня. Немцы за гэты час, як бачым, пасьпелі добра ўмацавацца. Вось надпіс па-нямецку: пабудаваны (erbaut) у красавіку 1917 году, калі толькі рыхтаваліся адбіваць атаку. А як наступ скончыўся, пашкоджаныя бліндажы аднаўлялі. Шмат якія ўзьведзеныя ўжо пасьля апэрацыі, у жніўні 1917-га. Увогуле кайзэраўцы любілі ўпрыгожваць свае пабудовы, падыходзілі да гэтага адказна. Ставілі пампэзныя помнікі свайму часу».
З Бабінага Логу перамяшчаемся ў Катлоўку — месца, якое старажылы дагэтуль называюць «аэрадромам». Празь лясны гушчар прабіваемся да бэтоннай спаруды яўна складзкіх памераў. Але яшчэ са свайго дзяцінства спадар Аляксандар памятае: тут была роўная пляцоўка, на якой можна было гуляць ледзь не ў футбол. Суразмоўца мяркуе, што 100 гадоў таму яна і выкарыстоўвалася паводле прызначэньня — як аэрадром:
«У Першую ўсясьветную на франтах ужо актыўна прымянялася авіяцыя, у літаратуры апісана шмат прыкладаў, уключна зь вядомай гісторыяй зьбітага над Барунамі самалёта „Ільля Мурамец“. Дык вось у гэтым месцы здаўна была ідэальна роўная пляцоўка, і праз шмат гадоў пасьля вайны мясцовыя, калі пасьвілі кароваў, так і казалі: пагонім сёньня на „лядадром“. То бок „аэрадром“, хто як вымаўляў. Адкуль такая назва? Хутчэй за ўсё, у немцаў гэта была як узьлётна-пасадачная паласа. Тут сапраўды можна было ў футбол гуляць. А ў гэты бліндаж, магчыма, аэрапляны разгружалі. Я не вялікі ваенны спэцыяліст, але ён адметны па сваёй архітэктуры. Па-першае, вялікія памеры, па-другое, разгалінаваныя бакавыя адгалінаваньні, па-трэцяе, шырокая квадратная адтуліна ў даху, мабыць, для лябёдкі. Па баках — як бы месцы для сядзеньня альбо паліцы, цяпер можна толькі здагадвацца».
Некалькі гадоў таму Крэва наведаў нямецкі грамадзянін Манфрэд Бэргер — падчас кровапралітнай наступальнай апэрацыі расейцаў у ліпені 1917-га тут загінуў ягоны дзед Вільгельм. Аляксандар Камінскі кажа, што госьця надзвычай усхвалявала магчымасьць дакрануцца да гісторыі сваёй сям’і, і ўжо пасьля вяртаньня дадому ён даслаў дзедаў фотаальбом са здымкамі крэўскіх ваколіцаў — неацэнныя кадры ваеннага і местачковага побыту праз салдацкі аб’ектыў. Тагачасныя здымкі, дадае суразмоўца, дазваляюць адчуць і радыкальную зьмену ў настроях, якія адбыліся на фронце ўсяго за год — фізычную і маральную стому ад бессэнсоўнай бойні:
«Цікавую кніжку даслаў мне Станіслаў Александровіч з Торуньскага ўнівэрсытэту. У 1916 годзе немцы выдалі фотаальбом, які так і назвалі: „Крэва. Год знаходжаньня на пазыцыі: верасень 1915 — верасень 1916“. Самае каштоўнае, што здымкі менавіта тых часоў, іх дзесьці пад паўтара дзясятка. Бліжэй да канца вайны, пры канцы 1917-га, яны гэтую кніжку перавыдалі, але што цікава: фатаграфіі там ужо зусім іншыя, іншы сэнс маюць. Першыя здымкі — гэта для іх суцэльная экзотыка. Яны фатаграфуюцца зь мясцовымі жыхарамі, з палоннымі расейцамі ў адгазьніках, сьмяюцца, навокал дзівосы. У другой рэдакцыі большая частка здымкаў брутальная: забітыя, атручаныя, усё навокал разбуранае. Відаць, што ўсе стаміліся ад гэтай вайны, усім яна ўжо дадзела».
Дапамагаюць аднавіць гістарычную храналёгію і іншыя дакумэнтальныя зьвесткі, якія цяпер можна адшукаць у інтэрнэце. Але за 100 гадоў забыцьця, кажа Аляксандар Камінскі, многія сьведчаньні пра тагачасныя падзеі беззваротна страчаныя:
«Раней тут быў пагорак, да якога вялі выразаныя ў зямлі прыступкі. Якое прызначэньне? Магчыма, як у савецкім войску, у немцаў таксама быў „красный уголок“ — амфітэатар для прадстаўленьняў, магчыма, праводзіліся набажэнствы. Калі мінуць месца, дзе ў Багушоўскім лесе ўсталяваны нямецкі крыж па расейскіх салдатах, можна выйсьці на „чырвоныя бліндажы“. Там быў нямецкі шпіталь, а таксама ладзіліся канцэрты, праводзіліся палітзаняткі. З Крэва людзей павывозілі, а зь некаторых вёсак не пасьпелі, жыхары засталіся пад немцамі. Дык расказвалі сваім дзецям, тыя — сваім. Так усплылі цікавыя моманты пра тутэйшы побыт кайзэраўцаў. Ім рэгулярна прывозілі кіно, паказвалі канцэрты. Гэта пацьвярджаюць і нямецкія выданьні. Так, у Вільні выдавалася газэта 10-й арміі, і там шмат цікавай інфармацыі датычна нашай мясцовасьці: што адбывалася, хто прыяжджаў. Ваенныя дарогі прыводзілі сюды ня толькі артыстаў, але і вядомых дзяржаўных дзеячаў. Скажам, пад Крэвам, у вёсцы Скірдзімы, пабываў імпэратар Вільгельм».
На могілках у Барунах, Полтараўшчыне ды некаторых іншых вёсках, дзе разьмяшчаліся тылавыя часткі германскага войска, ёсьць вялікія нямецкія пахаваньні. Догляд за імі і сёньня фінансуюць дабрачынныя арганізацыі Нямеччыны. Бальшыня расейскіх салдатаў дагэтуль ляжаць у безыменных братэрскіх магілах. У Масквы хапіла імпэту прафінансаваць на пачатковым этапе пампэзны мэмарыял у Смаргоні. Грошы хутка скончыліся, і завяршыць будоўлю да 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай вайны ў 2014-м годзе так і не пасьпелі. Цяпер адсылаюць да 2018-га — да круглай даты ад моманту заканчэньня ваенных дзеяньняў.
Як кажа Аляксандар Камінскі, клопат пра аднаўленьне прозьвішчаў загінулых салдатаў царскай арміі, сярод якіх тысячы беларусаў, бяруць на сябе хіба што асобныя энтузіясты:
«Пахаваньні, якія захаваліся, яны збольшага ўсе нямецкія, расейскіх дайшло зусім мала. У Крэве былі Васкрасенскія могілкі — зраўняныя зь зямлёй, мала хто здагадваецца, што яны некалі існавалі. Каля Аляксандра-Неўскай царквы стаяла Мікалаеўская царква, таксама былі пахаваньні, цяпер там толькі пару каменьчыкаў бяз надпісаў. Смаргонскі краязнаўца Ўладзімер Прыхач займаўся ўзнаўленьнем некаторых помнікаў, але надта мала захавалася зьвестак. Былі адзіночныя магілы, нават шмат, але з часам усё страцілася. Яшчэ ў 1960-я гэтай справай апекаваўся крэўскі краязнаўца Пётар Грынкевіч, многія ягоныя запісы забралі ў архівы Літвы. Быў Савецкі Саюз, прыехалі літоўцы з музэяў, папрасілі — ну і аддалі. Нашым, відаць, было непатрэбна. Ягоная жонка потым зьвярталася да мясцовых уладаў, там толькі адмахваліся: адчапіся ты, барацьба за ўраджай — вось што галоўнае, а ты тут зь нейкімі запісамі».
Падзеі Першай усясьветнай вайны самым непасрэдным чынам закранулі Беларусь, землі якой знаходзіліся пад расейскай уладай. Больш за 800 тысяч тутэйшых мужчынаў былі мабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч зь іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў шараговых беларусаў сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасьць тых, хто пагінуў і паўміраў ад хваробаў, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч.