Звольненыя ў Беларусі гісторыкі пачынаюць працу ў Варшаўскім унівэрсытэце

Варшаўскі ўнівэрсытэт, галоўная брама. Фота зь Вікіпедыі

«Шкада, што ўлады аслабляюць беларускія ВНУ», — заявіў Свабодзе звольнены з Гарадзенскага ўнівэрсытэту гісторык Вячаслаў Швед, які атрымаў «навуковы прытулак» у Варшаве.

У бліжэйшую суботу ў Варшаўскім унівэрсытэце ўрачыста адкрыецца Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў.

Новы цэнтар мае на мэце даць магчымасьць працаваць і разьвівацца беларускім навукоўцам, якія з палітычных прычынаў ня могуць праводзіць незалежныя навуковыя дасьледаваньні ў Беларусі. У вялікай ступені цэнтар арыентаваны на навукоўцаў з Гародні, якіх апошнім часам пазвальнялі з працы.

Усяго тут будуць працаваць 10 беларускіх гісторыкаў — 9 гарадзенцаў і адзін мянчук.

Як адзначыў у інтэрвію Свабодзе кіраўнік Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў, доктар гістарычных навук Аляксандар Краўцэвіч, новая структура — ня толькі дасьледчая, але і дыдактычная:

Аляксандар Краўцэвіч

«Мы плянуем разьвіваць адразу некалькі функцыяў: выкладаньне на факультэце Ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаўскім унівэрсытэце і працу над гістарычнымі тэмамі, слаба распрацаванымі ў Беларусі».

Звольнены ў 2013 годзе з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы прафэсар, аўтар «Гродназнаўства» Вячаслаў Швед ствараў праект Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў разам з Аляксандрам Краўцэвічам.

Ён сказаў Свабодзе, што ад моманту звальненьня ня мог уладкавацца ні ў школу, ні ў ВНУ: дырэктары наймалі з задавальненьнем, але пасьля прыходзіла распараджэньне ад кіраўніка аблвыканкаму, каб Шведа ня бралі на працу.

Вячаслаў Швед

«Я думаю, што гэта добры праект, які дасьць магчымасьць для разьвіцьця ня толькі звольненым выкладчыкам. У цэнтры будзе гадавы часопіс — можна будзе публікавацца. Таксама ў цэнтры можна будзе займацца індывідуальнымі праектамі, афіцыйна атрымліваць гранты на дасьледаваньні. Вядома, кепска, што нас звальняюць і такім чынам аслабляюць беларускія ВНУ. Але мы ўсе знаходзімся ў Беларусі і працуем на карысьць Беларусі. У пэрспэктыве думаем пра тое, каб такі цэнтар існаваў і ў нашай краіне. На жаль, пакуль такой магчымасьці няма», — адзначыў навуковец.

Нягледзячы на тое, што Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў будзе працаваць пры Асяродку вывучэньня Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту, навуковыя распрацоўкі, зробленыя там, будуць унёскам у беларускую, а ня польскую гістарычную навуку, лічыць Вячаслаў Швед:

«Напрыклад, мой праект прадугледжвае стварэньне энцыкляпэдыі гісторыі Гародні, а ў праекце Аляксандра Краўцэвіча — напісаньне падручнікаў, у якіх будзе выкладзеная гісторыя Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы зь беларускай пэрспэктывы. Мы будзем імкнуцца да аб’ектыўнасьці ў сваіх працах, будзем пазьбягаць навешваньня ярлыкоў. Але Беларусь будзе ў цэнтры дасьледаваньня — роля беларусаў, уплыў на суседнія краіны, кантакты з замежнымі дзяржавамі. Важна, што мы не закрываемся, не адгароджваемся ад іншых гісторыкаў Беларусі, не супрацьпастаўляем сябе ім. Наадварот — мы хочам, каб нашымі напрацоўкамі маглі карыстацца ва ўсіх ВНУ Беларусі. Гэтым мы хочам дапамагчы беларускай гістарычнай навуцы».

Вячаслаў Швед распавёў, якім чынам будзе арганізаваная праца беларускіх гісторыкаў у Цэнтры беларускіх дасьледаваньняў:

«Гэта будзе адбывацца завочна. Раз на месяц мы будзем выяжджаць у Варшаўскі ўнівэрсытэт, але большасьць часу будзем знаходзіцца ў Беларусі. Таксама зможам сустракацца тут, у Горадні, — амаль усе дасьледчыкі жывуць у адным горадзе, гэта зручна».

Яшчэ адна ўдзельніца Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў — гарадзенскі гісторык Іна Соркіна, звольненая з унівэрсытэту імя Янкі Купалы ў 2014 годзе.

Іна Соркіна дасьледуе гістарычную ўрбаністыку і гісторыю мястэчак Беларусі.

Іна Соркіна

«Пасьля звальненьня я ўжо атрымала калясальную падтрымку з боку акадэмічнай супольнасьці Польшчы — удзел у гадавой стажыроўцы імя Льва Сапегі. Стварэньне Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў — таксама велізарная дапамога з боку варшаўскіх калегаў. Спадзяюся, што там мы будзем мець магчымасьць працягнуць свае навуковыя дасьледаваньні».

Дасьледчыца спадзяецца, што, апроч навуковай дзейнасьці ў межах Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў, беларускія гісторыкі будуць мець магчымасьць выкладаць свае спэцкурсы:

«Стварэньне гэтага цэнтру зьвязанае з выкладаньнем. Апроч таго, у Варшаўскім унівэрсытэце немагчыма працаваць, увогуле не выкладаючы студэнтам. Толькі пакуль невядома, каму мы будзем выкладаць — палякам ці беларусам. Вядома, было б вельмі добра нейкім чынам згуртаваць усіх беларусаў, якія навучаюцца ў Варшаўскім унівэрсытэце, і запрасіць іх на нашыя праграмы».

Іна Соркіна, як і Вячаслаў Швед, лічыць, што праца беларускіх дасьледчыкаў у межах Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў будзе разьвіваць беларускую гістарычную навуку. Але падкрэсьліла, што спэцыфіка працы ў Варшаўскім унівэрсытэце будзе вымагаць пошуку тэмаў, зьвязаных з польска-беларускімі дачыненьнямі.