У Польшчы заснаваны цэнтар, дзе будуць працаваць звольненыя ў Беларусі навукоўцы

У бліжэйшую суботу ў Варшаўскім унівэрсытэце ўрачыста адкрыецца Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў.

Афіцыйная ўрачыстасьць заплянаваная на 14 лістапада ў Бальнай залі Палацу Тышкевічаў-Патоцкіх у Варшаве.

Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў адкрываецца пры Асяродку вывучэньня Ўсходняй Эўропы (Studium Europy Wschodniej) Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Новы цэнтар мае за мэту даць магчымасьць працаваць і разьвівацца беларускім навукоўцам, якія паводле палітычных прычынаў ня могуць праводзіць незалежныя навуковыя дасьледаваньні ў Беларусі. У вялікай ступені цэнтар арыентаваны на навукоўцаў з Гародні, якія былі апошнім часам звольненыя з працы.

Пасьля ўрачыстага адкрыцьця ў Варшаве пройдзе навуковая канфэрэнцыя з удзелам беларускіх навукоўцаў.