Ёсьць у гэтым нейкая своеасаблівая іронія, што сваю інаўгурацыйную прамову зь дзяжурнай мантрай пра злых падбухторшчыкаў да «майдану» Аляксандар Лукашэнка, зь відавочным страхам у вачах і голасе, рабіў за адзін дзень да важнага дзяржаўнага сьвята — гадавіны дзяржаўнага перавароту ў Расеі ў кастрычніку 1917 г. Адбывалася гэта за пару кілямэтраў ад цэнтру Менску зь ягонымі вуліцамі імя Маркса, Энгельса, Кляры Цэткін і асабліва ад вуліцы, літаральна, Рэвалюцыйнай.
Галоўны колер на дзяржаўным сьцягу аўтарытарнай і кансэрватыўнай лукашэнкаўскай Беларусі — рэвалюцыйны чырвоны. У Петраградзе 1917 (нават яшчэ раней за кастрычнік) чырвоны колер быў прыкладна тым жа, чым аранжавы колер быў у 2004 годзе ў Кіеве.
Your browser doesn’t support HTML5
І выступаючы пад бальшавіцкімі сымбалямі, зь некранутым помнікам Леніну на Плошчы Незалежнасьці, хтосьці рызыкуе міжволі наклікаць духаў мінулага, якія б паўсталі зь нябыту і ажывілі рэвалюцыйныя атрыбуты, ажывілі той першапачатковы прамы іхны сэнс. Бо чым далей, тым больш сучасная Расея і сучасная Беларусь нагадваюць не таталітарны СССР, а менавіта дарэвалюцыйную аўтарытарную Расейскую імпэрыю зь яе несправядлівасьцю, няроўнасью й дыктатурай. І тым прасьцей робіцца ўяўляць сабе рэаліі, у якіх нараджаліся, жылі й дзейнічалі бальшавікі.
Малады беларускі шляхціц падчас вучобы ў гімназіі, бачачы несправядлівасьць тагачаснай Расеі і маючы за сьпіной традыцыйна адмоўнае стаўленьне да расейскай дзяржавы, якая за паўтара стагодзьдзя перад гэтым захапіла ягоную радзіму Вялікае княства Літоўскае, далучаецца да розных польскіх і крэсовых рэвалюцыйных групаў. Маладога чалавека арыштоўваюць, у турме ў якасьці палітвязьня ён праводзіць агулам больш за дзесяць гадоў, а некалькі гадоў жыве за мяжой у выгнаньні.
Іншы хлопец, вучань-выдатнік з багатай сям’і землеўладальнікаў, ня можа мірыцца зь несправядлівасьцю дзяржаўнага і грамадзкага ладу ў Расеі і аб’ядноўваецца са сваімі аднадумцамі ў гурток. Хлопцы і дзяўчаты выдаюць нелегальную літаратуру, праводзяць сходы і мітынгі, за што іх неаднаразова арыштоўваюць, высылаюць у аддаленыя раёны краіны. Замест таго, каб атрымліваць асалоду ад жыцьця і ад грошай сваіх бацькоў, хлопец змагаецца за справядлівасьць і праўду.
Трэці, таленавіты і разумны малады чалавек з добрай інтэлігентнай сям’і, патомны дваранін ў другім пакаленьні, рупліва вучыцца ў школе і не цікавіцца палітыкай да таго моманту, пакуль у яго сям’і не адбываецца трагедыя: улады арыштоўваюць і караюць сьмерцю ягонага роднага брата за палітычную актыўнасьць. Узрушаны малады чалавек сам ідзе ў палітыку, робіцца важным рэвалюцыйным публіцыстам і ідэолягам. Ягонае пэрспэктыўнае маладое жыцьцё бурыцца: па палітычных матывах яго выключаюць з унівэрсытэта, ён становіцца шматгадовым палітвязьнем, а потым палітэмігрантам.
Гэтыя тры гісторыі — гэта кароткія біяграфіі, адпаведна, Дзяржынскага, Троцкага і Леніна да 1917 года.
Падобны шлях прайшлі многія знакавыя бальшавікі: ад Сталіна да Разаліі Зямлячкі, ад Зіноўева да Войкава, ад Калініна да Сьвярдлова. Гэта былі людзі са скалечанымі лёсамі, нескароныя змагары, якія калісьці ў юнацтве прыйшлі ў палітыку дзеля таго, каб сапраўды зрабіць сваю краіну больш справядлівай. Многія з добрых і багатых сем’яў, яны найлепшыя гады свайго жыцця правялі ў падпольлі, на катарзе і ў турмах. Таму што, відавочна, былі вялікімі ідэалістамі і калісьці, у самым пачатку, сапраўды хацелі, як лепш.
У 1917 г. гэта ўжо былі людзі, працятыя нянавісьцю і няшчасьцем. Яны самі папераўтвараліся ў драконаў, яшчэ не пасьпеўшы перамагчы свайго ўласнага дракона — аўтарытарную шавіністычную царскую ўладу, якая нават пасьля Рэвалюцыі 1905 г. ня вывучыла свайго ўрока і не захацела скарыстацца шанцам зрабіць Расею дэмакратыяй. Бальшавікі прыйшлі да ўлады і за лічаныя гады пабудавалі таталітарны рэжым, які аказаўся яшчэ горшым і яшчэ больш шкодным для Расеі, чым адсталае «самадзяржаўе», супраць якога яны ўсё жыцьцё змагаліся і чыя эпоха цяпер здаецца рамантычнымі часамі, калі яшчэ столькі ўсяго не было намі незваротна згублена.
Гледзячы на цяперашнюю вялікадзяржаўна-папоўскую і безнадзейна несправядлівую Расею, якая зноў удзельнічае ў «маленькіх пераможных» імпэрыялістычных войнах, цяжка ўстрымлівацца ад спакусы і не паставіцца дзесьці ў глыбіні душы, чыста на эмацыйным узроўні, да таго, што зрабілі бальшавікі ў 1917 годзе, з разуменьнем. «Вялікі кастрычнік» — ён нават пасля Лютага-1917 і пасьля 1905 г. адбыўся не на пустым месцы. І вінаватыя ў тым, што Бранштэйн, Ульянаў і Джугашвілі ператварыліся ў Троцкага, Леніна і Сталіна, а не засядалі ў парлямэнце й земствах, толькі і выключна кіраўнікі царскай Расеі.
Кіраўнікі, якія займаліся прыкладна тым жа і разважалі прыкладна гэтак жа сама, як сучасныя ўлады Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.