Каміла Ляўчук, вучаніца ў майцы з «Пагоняй» у расейскамоўнай клясе

Дачка берасьцейскіх журналістаў Алеся Леўчука і Міланы Харытонавай Каміла наведвае 2 клясу ў расейскамоўнай школе. Адкрыць беларускую клясу для адной Камілы берасьцейскія ўлады адмовіліся.

Ужо другі год у Берасьці беларускамоўная дзяўчынка ходзіць у расейскую школу. У больш як 300-тысячным абласным цэнтры так не знайшлося яшчэ бацькоў, якія б пажадалі вучыць сваіх дзяцей па-беларуску.

Вучаніца другой клясы Каміла Ляўчук кажа, што ўжо звыклася да навучаньня ў расейскамоўнай клясе, але кажа, што «дрэнна вучыцца не па-беларуску»:

«Мне ня вельмі падабаецца вучыцца ў расейскай клясе, бо дзеці не разумеюць і мяне на ўроку беларускай мовы заўсёды дзёргаюць, пытаюць, «як гэта будзе, як гэта перакласьці...»

Каміла кажа, што яе любімы прадмет у школе — беларуская мова. А з настаўніцай фізкультуры дзяўчынка канфліктуе, кажа, што ёй не падабаецца, што фізручка шыхтуе дзяцей, як у войску.

Каміла з бацькамі

У школу Каміла часта ходзіць у майцы з «Пагоняй». Кажа, што настаўнікі на гэта не пярэчаць, але іншыя дзеці кажуць, што «нельга такое апранаць, бо так настаўнікі сказалі».

Бацькі Камілы распавялі, што Каміла часам выступае з прэтэнзіямі ў школе — напрыклад, патрабавала дэсэртны нож у сталоўцы, каб намазаць масла на хлеб, бо яно проста ляжала на лусьце кавалкам. Дзіцяці адмовілі даць нож, сказаўшы, што няма, а потым Каміла заўважыла такія нажы ў руках настаўнікаў у той жа сталоўцы. Дзяўчынка шмат займаецца плаваньнем, наведвае палац водных відаў спорту, кажа яе маці Мілана:

«Яна ходзіць у басэйн, ёй вельмі падабаецца. Зараз яна ўжо ходзіць у групу ў цэнтры алімпійскага рэзэрву. Тры разы на тыдзень займаецца. Яна бачыла Аляксандру Герасіменю (двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў па плаваньні, — РС), яна так Камілу натхніла. Каміла сказала Герасімені, што як падрасьце, паспрабуе яе перагнаць. Гэта вельмі файна, што ў нас у краіне ёсьць такія спартоўцы, якія могуць дзяцей натхніць займацца».

Каміла з татам Алесем і плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй

У сям’ю незалежных журналістаў прыходзіла нядаўна камісія сацыяльных пэдагогаў са школы — аглядаць умовы пражываньня дзіцяці. Бацькі Камілы ня выключаюць, што іх сям’ю ўключылі ў сьпіс нядобранадзейных, калі прыслалі гэтую камісію.

Алесь Ляўчук зьдзіўляецца, як можна лічыць іх сям’ю нядобранадзейнай, калі штогод яны з Камілай падарожнічаюць па іншых краінах:

«У гэтым годзе езьдзілі адпачываць у Польшчу на мора. І цяпер, на восеньскіх канікулах, на мой дзень народзінаў, таксама ў Польшчу езьдзілі, толькі вярнуліся. Шмат музэяў абышлі ды розных гістарычных мясьцінаў. Я пытаўся ў дзяцей у клясе Камілы, хто ўлетку езьдзіў у іншыя краіны. Толькі адна дзяўчынка падняла руку. Астатнія ж далей бабулінай вёскі нічога ня бачаць. Маё дзіця лепей за многіх апранаецца, а да нас прыходзіць гэтая камісія... Мы за басэйн для Камілы год плацілі 380 тысяч у месяц, я думаю, не кожная сям’я такое пацягне».

Каміла Ляўчук

Спадар Ляўчук распавёў, што часта даводзіцца выступаць супраць пабораў у школе. Аднак такую ініцыятыву не падтрымліваюць іншыя бацькі:

«Мы заўсёды здаем грошы на патрэбы клясы, але скідвацца на тратуарную плітку ў школе — гэта ўжо перабор. Ёсьць упраўленьне адукацыі, няхай з гэтым і вырашаюць,» — кажа Алесь. «Бацькі проста баяцца пярэчыць, каб не зрабіць дзіцяці горш, калі настаўнікі яму будуць надаваць менш увагі. Яны баяцца не аддаць у які летнік, або не запісацца на нейкае харчаваньне, або ня здаць грошы. А як прапануеш: давайце дзяцей зводзім некуды ў музэй — то гэта дорага. А як 200 тысячаў на плітку — то калі ласка,» — кажа Мілана Харытонава.

Мілана кажа, што адчувае ад бацькоў іншых дзяцей пэўную нацягнутасьць у адносінах:

«Пасьля апошняга бацькоўскага сходу мяне адна маці нават у краме пабачыла, спыніла і пачала размаўляць, што ёй, маўляў, нас так шкада, што мы нечага хочам, змагаемся, што мы няправільна робім, калі адрываемся ад калектыву... Я слухала-слухала і так не зразумела, што яна хоча данесьці».

Каміла з маці Міланай

Незалежныя журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук працуюць на інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН». Тры разы Алеся прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за супрацу зь «Белсатам» без акрэдытацыі МЗС Беларусі.