Актывісты зьбіраюць подпісы пад калектыўнымі зваротамі да дырэктара аўтапарка № 3 Сяргея Мацкевіча, прапануюць зьвяртацца да кіраўніка і асабіста, каб прыпынкі на гарадзкіх маршрутах ізноў абвяшчаліся па-беларуску.
Зь нядаўняга часу аршанскія аўтобусы «русыфікавалі»: замест паведамленьняў электроннага прыстасаваньня-дыктара, запісаных на роднай мове, цяпер назовы прыпынкаў абвяшчаюць па-расейску. Чым выклікана замена — невядома, бо прыпынкі аўтобусаў у апошні час не пераймяноўвалі, і рабіць новы дыктарскі запіс відавочных прычынаў не было.
Аршанскія актывісты, якія ініцыявалі кампанію зваротаў да дырэктара аўтапарку №3, перакананыя: пераход на расейскую мову не спрыяе патрыятычнаму выхаваньню мясцовай моладзі і не дадае турыстычнай прывабнасьці роднаму гораду.
Таму ў звароце, які аршанцы распаўсюджваюць і просяць адпраўляць на імя спадара Міцкевіча, гаворыцца: «У нашай краіне склалася добрая традыцыя абвяшчаць у грамадзкім транспарце прыпынкі па-беларуску. Так робіцца ў Менску, Гомлі, Віцебску, Сьветлагорску, Мазыры і іншых гарадах. Гэта спрыяе разьвіцьцю беларускай культуры, станаўленьню самасьвядомасьці чалавека, выхаваньню яго на нацыянальных каштоўнасьцях і традыцыях Беларусі. У такой сытуацыі зьяўленьне расейскамоўнага дыктара ў Воршы нявыгадна адрозьнівае наш горад ад іншых. Ствараецца ўражаньне, што мы жывем не ў Беларусі і свае традыцыі не шануем. Заклікаем вас вярнуцца да беларускамоўнага абвяшчэньня аўтобусных прыпынкаў у гарадзкім транспарце. Упэўнены, што гэта будзе спрыяць росту аўтарытэту вашага прадпрыемства, і будзе ацэнена жыхарамі Воршы як пачатак новай станоўчай культурнай традыцыі».