Напярэдадні 7 лістапада ў Бабруйску заклалі парк савецкай скульптуры.
Парк будзе месьціцца на вуліцы Ўрыцкага ля прадпрыемства «Цеплаэнэргетыка» на невялікай пляцоўцы з клюмбай, лаўкамі і валуном у гонар байцоў Дняпроўскай флятыліі.
Ідэя выставіць там скульптуры савецкага пэрыяду належыць кіраўніцтву прадпрыемства. Некалькі старых ленінаў, «маці» ды «дзяўчынак зь вяслом» з усяго гораду сабралі на тэрыторыі прадпрыемства, адрэстаўравалі і выставілі ў сквэрык непадалёк ад прахадной.

З-за асаблівасьцяў гарадзкой пляніроўкі гэты сквэрык знаходзіцца амаль у цэнтры гораду і адначасова на ўскрайку — па адзін бок вуліцы жылы мікрараён, па іншы — і завадзкія тэрыторыі й закінутая частка Бабруйскай крэпасьці.
