Беларусы нямала фантазіравалі пра новыя беларускія грошы задоўга да праекту дэнамінацыі-2016. Свабода сабрала нязьдзейсьненыя і фантастычныя купюры Беларусі.
Калі ня браць у лік Сярэднявечча, упершыню ў беларусаў магчымасьць займець уласныя грошы зьявілася толькі на пачатку XX стагодзьдзя — у часы Беларускай Народнай Рэспублікі. Але БНР з розных прычынаў гэтага не зрабіла, да нас не дайшлі нават магчымыя праекты тагачасных рублёў альбо талераў. Тым ня менш на тэрыторыі БНР разам з расейскімі, польскімі і нямецкімі грашыма хадзілі і ўласныя разьліковыя адзінкі мясцовых уладаў. Напрыклад, боны Слуцкага земства, што захаваліся ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францыска Скарыны ў Лёндане:
Пасьля таго як тэрыторыя Беларусі была падзеленая між Савецкім Саюзам і Польшчай, яна таксама ня мела ўласных грошай. І ў часы нямецкай акупацыі па Беларусі хадзілі замежныя грошы: хіба адзінае, што можна лічыць «тутэйшым», — гэта тэкстыльныя талёны генэральнай акругі «Беларусь» з надпісамі па-нямецку і па-беларуску. Такія талёны выдавалі за здадзеную прадукцыю на куплю тэкстыльных вырабаў.
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці сучаснай Рэспублікі Беларусь уласныя грошы зьявіліся не адразу. Першыя беларускія рублі, вядомыя ў народзе як «зайчыкі», маюць на сабе лічбы 1992. Але да іх былі ўведзеныя карткі спажыўца. Акрамя звыклых аркушаў з купонамі, былі і пробныя купоны, больш падобныя да купюраў, вырабленыя ў 1991 годзе ў францускай тыпаграфіі, яны захаваліся ў музэі Нацбанку. Яшчэ без «Пагоні», але з жывёламі і «домікамі».
Акрамя зьвяроў з энцыкляпэдыі «Зьвяры і птушкі нашай краіны», на беларускіх грошах маглі зьявіцца і людзі. У 1990 годзе Савет міністраў БССР дазволіў стварыць беларускі Дзяржзнак зь Сяргеем Слабчанкам на чале. У тым жа годзе суаўтар герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня», мастак Уладзімер Крукоўскі, як ён распавядаў «Камсамолцы», прапанаваў канцэпцыю і абгрунтаваньне ўласных беларускіх грошай: талераў у якасьці купюр і грошаў у якасьці манэт. Эскізы намаляваў Леанід Бартлаў. На іх можна пабачыць нацыянальных герояў Беларусі.
Эскізы манэт выканаў Леў Талбузін.
Але пазьней ад ідэі нацыянальных герояў вырашылі адмовіцца, як і ад назвы «талер». Некаторыя эскізы яшчэ ўтрымлівалі слова «талер», але ўжо са зьвярамі замест людзей, а на некаторых не было і назвы валюты.
Замест «зайчыкаў» меркавалі былі надрукаваць нацыянальных герояў, але першы «тэставы» наклад трапіў на склады. Урад Беларусі выдзеліў 20 мільёнаў даляраў на друк у Нямеччыне беларускіх рублёў, дызайн якіх распрацаваў Аляксандар Зіменка. У 1994 годзе тыпаграфія Giesecke & Devrient у Мюнхэне надрукавала беларускія рублі з Купалам, Коласам, Скарынам, а таксама Белай вежай і Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквой. Але яны шмат гадоў праляжалі ў сховішчы ў Мачулішчах, так і не ўвайшоўшы ў абарачэньне.
У 1998 годзе зноў задумаліся, каб замяніць зьвяроў людзьмі: як распавядала штатны дызайнэр Нацбанку Тацяна Радзівілка «Белсату», у 1998 годзе група супрацоўнікаў Нацбанку стала зноў прасоўваць ідэю «грошай зь людзьмі» і зрабіла эскізы талераў са Скарынам, Купалам, Коласам, Шагалам і «Песьнярамі». Ды аўтары і самі ведалі, што прапанову наўрад ці прымуць.
Ад пачатку 2000-х прапаноўвалася адзіная валюта спачатку Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, затым Эўразійскага саюзу. Але далей за эскізы, сур’ёзныя ці жартоўныя, праект не зайшоў.
У 2007 годзе нумізмат У. А. Юргенсон зь Менску зноў прапанаваў намаляваць на беларускіх рублях лідэраў беларускіх зямель розных часоў: князёў Усяслава Чарадзея, Валодшу, Гедзіміна, Вітаўта, а таксама Льва Сапегу, Кастуся Каліноўскага, Рамана Скірмунта і Пятра Машэрава.
У 2011 годзе адбыўся сур’ёзны абвал беларускага рубля — за год даляр вырас з трох тысяч да амаль дзевяці. Карыстальнікі сацсетак сталі жартаваць пра купюру ў нуль рублёў ці пра зусім непрыстойныя сумы, а партал naviny.by прапанаваў «кампрамісны» пераход на даляры.
Таксама ў 2011 годзе сур’ёзна паўстала пытаньне ўвядзеньня купюры 200 тысяч рублёў. Пра гэта загадзя паведаміла старшыня Нацбанку Надзея Ермакова, а чытачы «Камсамольскай праўды» кінуліся прапаноўваць свае варыянты 200-тысячнай купюры. На ёй малявалі Нацыянальную бібліятэку, «Менск-Арэну» і будынак Нацбанку. Але не ўгадалі: на сапраўднай купюры вырашылі зьмясьціць выяву мастацкага музэя ў Магілёве.
І тады ж карыстальнікі сацсетак зноў згадалі пра талеры — ці ня ў першы раз з лацінкай поруч з кірыліцай.
Да грашовай тэмы тады падключыліся і піяршчыкі: агенцтва Capitalist Digital у рэклямных мэтах прапанавала новыя купюры з гадзіньнікамі. Нягледзячы на чыста камэрцыйны характар працы, на купюрах «засьвяцілася» і «Пагоня».
Дызайн-студыя «Адліга» правяла ў 2011 годзе цэлы конкурс на дызайн новых грошай. А пераможцаў узнагародзіла ўласнай прадукцыяй.
Сапраўдная лявіна «новых рублёў» пайшла 1 красавіка 2013 году: новыя грошы жартам прапанавалі на «дзень дурня» tut.by, naviny.by і МТБанк. Першыя (мяркуючы па подпісе, рукамі Вадзіма Трусава) «прадказалі» павелічэньне максымальнага наміналу да 500 тысяч, другія стварылі «пракапейкі» (самай папулярнай у сацсетках купюрай стала, відаць, «этапяць пракапеек») у гонар старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча, трэція замянілі «зайчыкаў» на «дыназаўрыкаў».
Наступная хваля «крэатыўных прапановаў» была выкліканая заявай Лукашэнкі пра тое, што новыя грошы ў Беларусі ўжо ёсьць і што яны падобныя да эўра. Заява прагучала ў студзені 2014 году, а рэакцыя надыйшла толькі праз год. Спачатку крэатыўшчык з Кобрыня Раман Дубінка прапанаваў «мадэрнізаваны» варыянт тагачасных рублёў «пад эўра»...
У адказ на камэнтары «а чаму ня талеры» пад навінамі пра гэты дызайн «Наша Ніва» прапанавала варыянт талераў (ужо не «пад эўра») з нацыянальнымі героямі Беларусі — Вітаўтам, Эўфрасіньняй Полацкай, Скарынам, Агінскім, Ордам, Каліноўскім, Купалам і Караткевічам...
А затым і блогер 1863x прапанаваў свае грошы: спалучыў ідэю талераў і эўра з альтэрнатыўнымі, але ня менш нацыянальнымі героямі: Гедзімінам, Барбарай Радзівіл, Кастусём Каліноўскім, Язэпам Драздовічам і Міхалам Вітушкам.