Пра гэта вязень шклоўскай калёніі Андрэй Бандарэнка паведаміў свайму бацьку Валеру Бандарэнку ў лісьце з ПКТ — памяшканьня камэрнага тыпу, куды яго зьмясьцілі за парушэньні, якія ён лічыць штучна створанымі.
«У ПКТ мяне зьмясьцілі на 2 месяцы і, паводле слоў кіраўніцтва, за гэты час мяне перавядуць на турэмны рэжым. Наколькі я разумею — у Магілёў. Да гэтага яшчэ мусіць быць камісія і суд, бо паводле закону на турэмны рэжым пераводзяць па вызначэньні суду», — напісаў Андрэй Бандарэнка.
Вязень паведаміў, што раней разьлічваў на амністыю, якая была прымеркаваная да угодкаў Перамогі, але пасьля таго, як яго пакаралі карцэрам і зрабілі зь яго злоснага парушальніка рэжыму, ён зразумеў, што ня можа разьлічваць ня толькі на гэтую, але і на будучую амністыю.
«Шанцаў і на будучую амністыю, калі прымуць у 2016 годзе, таксама нуль. Абавязкова знойдуць „пыл“ у камэры ці гузік ня будзе зашпілены», — папярэдзіў бацьку Андрэй Бандарэнка. Вязень мяркуе, што яму давядзецца да канца тэрміну быць ў турме.
Тым часам на волі працягваецца змаганьне за тое, каб адміністрацыя калёніі спыніла ціск на Андрэя Бандарэнку, а ў рэшце ён быў вызвалены. 4 лістапада ў офісе БНФ сабраўся грамадзкі камітэт салідарнасьці з Андрэем Бандарэнкам ў складзе праваабаронцаў, палітыкаў і былых палітвязьняў. Актывісты прынялі рашэньне зьвярнуцца да праваабаронцаў сьвету з заклікам прызнаць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем на той падставе, што ўлады Беларусі кінулі яго ў вязьніцу з палітычных прычын.
Чаму, на думку сяброў камітэту салідарнасьці, варта лічыць, што з Бандарэнкам улады расквіталіся за ягоную праваабарончую дзейнасьць? Актывісты падрыхтавалі шэраг аргумэнтаў, якія пералічаць у сваім звароце. Сярод іх тое, што Андрэй Бандрэнка змагаўся за правы простых вязьняў, і дзякуючы ягоным намаганьням стала вядома пра ціск і катаваньні ў Глыбоцкай ды іншых калёніях, у пастарунках Ленінскага РУУС Менску і горада Ліды. Да арышту Андрэй Бандарэнка пачаў працу над антыкарупцыйным праектам, а таксама ён асабіста склаў сьпісы кіраўнікоў калёній, якіх лічыў вартымі патрапленьня пад санкцыі Эўразьвязу. Справу аб злосным хуліганстве, якая стала падставай да асуджэньня Андрэя Бандарэнкі на 3 гады зьняволеньня, сябры камітэту салідарнасьці лічаць сфабрыкаванай, а суд над Бандарэнкам несправядлівым.
Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці днямі даслаў Валеру Бандарэнку адказ на ягоную скаргу на тое, што ягоны сын Андрэй Бандарэнка стаў ахвярай свавольства ахоўнікаў і адміністрацыі калёніі. «Фактаў ціску, фізычнага і маральнага ўзьдзеяньня, а таксама перадузятага стаўленьня з боку супрацоўнікаў Папраўчай калёніі № 17 у адносінах да Андрэя Бандарэнкі ня выяўлена», — паведаміў кіраўнік абласной управы У. Скамарох. Паводле міліцыянта, Андрэй Бандарэнка быў пакараны карцэрам і зьмяшчэньнем у ПКТ паводле закону за сапраўдныя парушэньні рэжыму.
Камітэт салідарнасьці лічыць, што варта прызнаць палітвязьнем таксама і Міхаіла Жамчужнага, праваабаронцу, аднаго з заснавальнікаў арганізацыі «Плятформа», які нядаўна быў асуджаны на 6 з паловай гадоў калёніі і пачаў адбываць свой тэрмін у Навасадах Барысаўскага раёну.