Пятая па ліку інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі пройдзе 6 лістапада ў Палацы Незалежнасьці. Зь месца цырымоніі будзе весьціся жывая трансьляцыя па ўсіх каналах беларускага тэлебачаньня.
Пра гэта паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.
У залі ўрачыстых цырымоніяў Лукашэнка прынясе прысягу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і падпіша адпаведны акт. Прэзыдэнцкае пасьведчаньне яму будзе ўручана ў прысутнасьці больш як тысячы запрошаных, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, чальцы Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпкорпусу і замежныя госьці.
Затым на плошчы Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь вайскоўцы прынясуць прысягу беларускаму народу і прэзыдэнту. Пасьля цырымоніі перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам пройдзе рота ганаровай варты.
Таксама з нагоды ўступленьня прэзыдэнта на пасаду ў Палацы Рэспублікі адбудзецца сьвяточны канцэрт «Разам у новы дзень».