Былую начальніцу грамадзкага актывіста Рыгора Грыка з баранавіцкай крамы «МАRT INN» пакаралі штрафам. Рыгор Грык давёў суду, што начальніца яго ўдарыла.
Як распавёў спадар Грык, канфлікт з дырэктаркай здарыўся 24 верасьня, калі актывіст прыйшоў на працу ў паласатай вопратцы, стылізаванай пад канцлягерную — на знак пратэсту супраць таго, што яму не выдаюць працоўную робу.
Тады краму зачынілі, на Грыка выклікалі міліцыянтаў, у гэты ж дзень актывіст быў звольнены з працы.
Дырэктарка крамы Вольга Борыс напісала заяву ў міліцыю, што Грык у часе свайго пэрформансу ў канцлягернай вопратцы брыдкасловіў. 28 кастрычніка Баранавіцкі суд прысудзіў актывісту 30 базавых (5,4 мільёна рублёў) штрафу за брыдкаслоўе і па другой справе, за правядзеньне масавай акцыі.
Пасьля інцыдэнту ў краме Рыгор Грык напісаў заяву ў міліцыю, што дырэктарка ўдарыла яго, калі выштурхоўвала з гандлёвай залі.
У судзе Вольга Борыс адмаўляла, што біла Грыка, распавядала, што проста прасіла яго пераапрануцца, бо Грык «шакаваў наведнікаў» сваёй канцлягернай адзежай.
Суд запытваў запісы з камэраў відэаназіраньня з крамы, каб спраўдзіць, ці меў месца інцыдэнт, але запісаў гэтых не аказалася.
У выніку Вольгу Борыс пакаралі штрафам у 10 базавых велічыняў (1,8 мільёна рублёў). Рашэньне яшчэ можа быць абскарджана.
Рыгор Грык пасьля суду распавёў Свабодзе, што задаволены перамогай:
«Асабліва пасьля таго, як мяне аштрафавалі па яе заяве аб брыдкаслоўі, чаго я не рабіў. Цяпер лік 1:1. Толькі хай бы ёй таксама 30 базавых далі, як і мне», — сказаў Рыгор Грык.