Менскі гарадзкі суд прызнаў парушэньне працэсуальных нормаў у судзе першаснай інстанцыі.
Як паведаміў Свабодзе Вячаслаў Сіўчык, суд Цэнтральнага раёну 9 кастрычніка прыняў рашэньне аб накладаньні штрафу на падставе трох пратаколаў аб адміністратыўным парушэньні, складзеных паводле ягоных прамоваў падчас вулічных акцыяў 23 верасьня і 4 кастрычніка. Прычым адзін з пратаколаў быў складзены паводле артыкула аб нецэнзурнай лаянцы і зьнявазе асобы ў выказваньні: «Хуцін Пуйло». З гэтай нагоды Вячаслаў Сіўчык сказаў:
Гэтую ўладу нельга назваць беларускай, а яе служкаў я лічу пуцінскімі халуямі.
«Сілавыя структуры, якія мусяць бараніць незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны, клапоцяцца пра гонар і годнасьць чалавека, які залівае крывёю Ўкраіну і ўяўляе небясьпеку для Беларусі. Таму гэтую ўладу нельга назваць беларускай, а яе служкаў я лічу пуцінскімі халуямі».
Паводле Вячаслава Сіўчыка, гарадзкі суд не кіраваўся законамі, паколькі меў усе падставы, каб спыніць справу, але накіраваў яе на новы разгляд.
«Я ўсё роўна буду выкарыстоўваць любую магчымасьць, каб распавесьці, якую небясьпеку і пагрозу Беларусі нясуць пуцінскія халуі»,— дадаў Вячаслаў Сіўчык.
Лідэр руху «Разам» таксама паведаміў, што рыхтуецца абскардзіць яшчэ адно рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску, які аштрафаваў актывіста за прысутнасьць на вулічных акцыях 10 і 11 кастрычніка бяз выкліку ў суд.