Вадзім Іосуб, старэйшы фінансавы аналітык кампаніі «Альпары», у інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што для правядзеньня структурных рэформаў у Беларусі недастаткова палітычнай волі і адмашкі з боку кіраўніка дзяржавы. Галоўным тормазам можа выступіць вэртыкаль улады.
— У першы дзень працы Кастрычніцкага эканамічнага форуму прагучала шмат пэсымістычных прагнозаў для Беларусі на будучыню. Ці падзяляеце іх Вы?
— Я б гэта назваў не пэсымізмам, а суровым рэалізмам. Нарэшце адбываецца адыход ад папярэдняга аптымізму, часьцяком неабгрунтаванага, да рэалізму. Гэта і гучала ўвесь час на форуме, улічваючы прывязанасьць беларускай эканомікі да коштаў на нафту, залежнасьць ад расейскай эканомікі, паколькі ў пэрспэктыве нафтавых коштаў нічога радаснага чакаць не даводзіцца. І пакуль гэта залежнасьць будзе захоўвацца — будзе заставацца і цяжкое становішча ў нашай эканоміцы.
— І ўсё ж у экспэртаў Усясьветнага банку, якія днямі агучылі чарговы даклад пра эканамічную сытуацыю ў Беларусі, прагучалі і аптымістычныя ноткі, маўляў, ёсьць прыкметы таго, што афіцыйныя ўлады гатовыя да структурных рэформаў, і заўважныя ўжо першыя крокі, у прыватнасьці, з боку Нацбанку. Ці сапраўды беларускі ўрад сасьпеў ужо да структурных рэформаў?
— Гэта пытаньне на мільён даляраў, ад адказу на яго будзе залежаць будучыня краіны. Зразумела, што складаны дыягназ ставіцца краіне літаральна ўсімі, усе зь ім пагаджаюцца — што пацыент знаходзіцца ў надзвычай цяжкім стане. Пытаньне толькі з рэцэптамі — што рабіць?
Недастаткова, каб рэформы былі ўхваленыя на гэтым самым высокім узроўні. Праблемы ці тармажэньне гэтых рэформаў могуць якраз узьнікнуць ад гэтай самай вэртыкалі.
Насамрэч у выступе намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалая Снапкова прагучала дзіўная па сваёй шчырасьці рэч, калі ён казаў пра розныя мэты ва ўрадзе, у асобных ведамствах, у аблвыканкамаў, райвыканкамаў — гэта азначае, што наша славутая вэртыкаль, якая цягам апошніх 20 гадоў зьяўляецца прадметам гонару ўлады, можа апынуцца галоўным тормазам. То бок апасеньні адносна рэформаў грунтуюцца на тым, будуць яны падтрыманыя на самым высокім узроўні ці не. Але ў тым, што прагучала, я пачуў намёк, што недастаткова, каб рэформы былі ўхваленыя на гэтым самым высокім узроўні. Праблемы ці тармажэньне гэтых рэформаў могуць якраз узьнікнуць ад гэтай самай вэртыкалі. То бок, умоўна кажучы, калі кіраўнікі райвыканкамаў, дырэктары прадпрыемстваў, старшыні калгасаў цягам многіх гадоў прывыклі жыць ва ўмовах датацыяў, і гэта для іх як хлеб, то любое палітычнае рашэньне, што практыку датацыяў трэба спыняць, будзе сустракацца сабатажам на ўзроўні дырэктараў і вэртыкальшчыкаў. У гэтым асноўная пагроза непрыняцьця рэформаў, а ня ў тым, адважыцца вярхушка ўлады на іх ці не.
— Ва ўрадзе, адміністрацыі прэзыдэнта, Нацыянальным банку зьявіліся даволі маладыя кіраўнікі, якія стажыраваліся за мяжой, маюць добрую адукацыю. На гэтым форуме яны таксама прысутнічаюць, уважліва слухаюць, самі выступаюць. Вось гэта новая генэрацыя можа паўплываць на даволі кансэрватыўнае кіраўніцтва краіны?
— Мне падаецца, тое, што прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, Нацбанку, Саўміну прысутнічаюць на гэтым форуме і ўважліва слухаюць, гэта, канечне, прыемна. Але па гэтай зьнешняй прыкмеце цікавасьці наўрад ці можна рабіць глыбокія высновы. Праблема ў тым, што рэформы палітычна складаныя, яны балючыя, відавочна, што яны будуць зьвязаныя з падзеньнем даходаў, няхай і ў кароткатэрміновы пэрыяд, з ростам беспрацоўя. І патрэбна як мінімум палітычная воля, патрэбна адмашка на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Будзе такая адмашка — рэформы паспрабуюць праводзіць. А посьпех, наколькі яны змогуць быць рэалізаваныя — залежыць у тым ліку ад гэтай магутнай разгалінаванай вэртыкалі ўлады, якая можа паслужыць і тормазам.
— А ў вас асабіста ёсьць хоць крыху аптымізму на тле гэтага суровага рэалізму?
— Аптымізм ёсьць. Як кажуць, не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло. Склалася такая сытуацыя, што абысьціся бязь зьнешніх пазыкаў (а іх крыніц, па сутнасьці, дзьве — альбо МВФ, альбо Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця). І адзін, і другі інстытуты гатовы абмяркоўваць выдаткоўваньне грошай Беларусі толькі ў абмен на правядзеньне структурных рэформаў.