Каманда «Крумкачы» — галоўная інтрыга беларускага футболу ўжо другі год запар. За два туры да канца чэмпіянату яны знаходзяцца ў адным кроку ад Вышэйшай лігі.
Свабода запісала гісторыю каманды, якую стварылі сябры з форуму і чые футбалісты цэлы сэзон гуляюць бясплатна — за ідэю ды атмасфэру.
Мы рабілі каманду па прыколу
Калі «Беларусьфільму» бракуе добрых сюжэтаў, яны цалкам могуць узяць за сцэнар гісторыю «Крумкачоў» — гатовы сюжэт у стылі галівудзкага фільму Moneyball («Чалавек, які зьмяніў усё»). Цяжка паверыць, што каманда, якую летась стварылі некалькі сяброў, «каб весяліць народ», за два гады стала верагодным прэтэндэнтам на месца ў Вышэйшай лізе.
«Крумкачы» нарадзіліся на форуме газэты «Прессбол». У 2011 годзе некалькі карыстальнікаў форуму выйшлі ў офлайн і стварылі аматарскую каманду. Тры гады яны гулялі ў менскай гарадзкой лізе Асацыяцыі аматарскага футболу і ў камандзе заўзятараў менскага «Дынама».
«Калі стваралі каманду, мы з братам хацелі знайсьці беларускую назву, — узгадвае Дзяніс Шунто. — Пачалі перабіраць розных жывёл. І „Крумкачы“ ўсім спадабаліся».
Назвай беларушчына не абмяжоўваецца — усе афішы сваіх гульняў «Крумкачы» афармляюць па-беларуску. Абяцаюць і свайго дыктара на хатнім стадыёне таксама навучыць беларускай мове.
Каманда гуляла ў гарадзкой лізе, і раз-пораз сябры пачыналі размову, каб заявіцца ў Другую лігу чэмпіянату Беларусі. Але сур’ёзна пра стварэньне клюбу ніхто ня думаў. Потым узімку 2014 году Дзяніс паляцеў у адпачынак на Ямайку, адкуль вярнуўся з рашэньнем — зьбіраць клюб.
«Мой брат думаў, што ніколі ў жыцьці мы ня зробім каманды. Як звычайна: пагаварылі, і ўсё, — кажа Дзяніс. — Але на адпачынку забываеш пра праблемы, думаеш больш пра тое, што цябе насамрэч цікавіць і вабіць. Так і атрымалася. Калі ляцеў назад, ужо меў плян дзеяньняў».
Заснавальнікамі выступілі трое: Дзяніс Шунто, Васіль Глезаў і Ўладзіслаў Маяроўскі. Меўся быць яшчэ адзін — Антон Шунто, брат Дзяніса. Але ў дзень рэгістрацыі ён захварэў і не прыехаў у выканкам.
«Адпачатку ў нас гэта было несур’ёзна, — кажа Дзяніс. — Мы рабілі гэта па прыколу, высокіх мэтаў для сябе ня ставілі».
«Кожная гульня была як сьвята — мы ішлі ў кавярню, пілі піва, весяліліся»
У першых гульнях за каманду выходзілі гуляць самі «айцы» клюбу. Пасьля матчу — абавязковы «банкет». Іншых мэтаў, апрача гульні дзеля ўласнай прыемнасьці, першыя «Крумкачы» перад сабой ня ставілі.
Пры тым, што ў каманду прыходзілі добрыя футбалісты, заробкаў тут ніхто ня меў. Замест грошай тут прастаўлялі піва пасьля гульні.
«Кожная гульня была як сьвята, — узгадвае Васіль Глезаў, сузаснавальнік клюбу. — Мы ішлі ў кавярню, пілі піва, весяліліся».
Але потым каманда-«банкет» стала паказваць неблагі вынік. Да таго ж ніхто не адмяняў аддачы ў кожным матчы.
«Хутка стала ясна, што гэта ня жарт, — кажа Васіль. — Да нас прыйшлі людзі па беларускіх мерках даволі моцныя, і яны хацелі гуляць на перамогу».
Праз добрыя вынікі ў хуткім часе колькасьць банкетаў у камандзе скарацілі, а трэніровак — павялічылі. Гульцы, каго такі расклад не задавальняў, хто ня мог аддаваць шмат часу на футбол, сыходзілі з каманды, а на іхняе месца прыходзілі больш амбітныя футбалісты.
Выходзіць у першую лігу на пачатку сэзону «Крумкачы» нават ня думалі. Але, каб падтрымліваць дух у камандзе, ім патрэбныя былі перамогі.
«Мы сталі лічыць ачкі й зразумелі, што маем добрыя шанцы на выхад, — кажа Дзяніс. — Мы сталі вывучаць суперніка. Апошнія матчы мы сталі замаўляць статыстыку, якой карыстаюцца толькі чатыры клюбы ў Вышэйшай лізе. Усё стала вельмі сур’ёзна, бо хацелася перамог».
«Гуляем не за грошы, а за ідэю»
Так на пачатку 2015 году ў Першай лізе зьявіліся «Крумкачы». У адрозьненьне ад Другой лігі, тут шмат моцных камандаў зь вялікімі бюджэтамі, якія напаўняюцца дзякуючы райвыканкамам й спонсарам.
Калі перад пачаткам сэзону «Крумкачы» сталі лічыць, у каго яны змогуць выйграць у лізе — яны налічылі 4–5 камандаў, супраць якіх у іх ёсьць шанцы на перамогу.
«Але я разумеў, што ў нас добрая каманда, мы маем вельмі моцных гульцоў, — кажа Дзяніс. — Але каб ставіць высокія задачы, трэба стварыць умовы. Наш бюджэт — 100 тысяч даляраў, у „Гарадзеі“ — 700 тысяч, у „Дняпра“ — 1,1 мільёна даляраў. Я ж не магу сказаць: „Хлопцы, давайце валіць іх!“. Мне футбалісты нават не павераць. Але калі гуляць ад перамогі да перамогі, то можна нечага дасягнуць».
Гэта ў Другой лізе з гульцамі можна было проста дамовіцца. У Першай усе гульцы мусяць мець кантракты і афіцыйныя заробкі. Паколькі грошай, акрамя ўласных, у заснавальнікаў не было, яны дамаўляліся з футбалістамі, што будуць плаціць ім сымбалічныя 600 тысяч рублёў на месяц — чвэрць стаўкі, мінімальны дазволены аклад. Самыя вялікія «кантракты» — каля 3 мільёнаў рублёў.
Менавіта таму «Крумкачы» маюць толькі вячэрнія трэніроўкі, бо ўдзень усе занятыя на працы. Кіроўцы, прадаўцы, апэратары і рознарабочыя — чатыры разы на тыдзень яны зьбіраюцца на вячэрнюю трэніроўку. Падобна як зборная Люксэмбургу, «Крумкачы» гуляюць не за грошы, а за добрую атмасфэру ў камандзе і ідэю.
«Па сутнасьці, мы — against modern football, гуляем у процівагу прафэсійным клюбам, — кажа Дзяніс. — І гульцы кіруюцца нашай філязофіяй. Каму не падабаецца, яны ў нас не затрымліваюцца».
У абароне — чэмпіён Беларусі, на браме — апэратар
Нягледзячы на поўную адсутнасьць фінансавай прывабнасьці, «Крумкачы» яшчэ ад пачатку сэзону сабралі вельмі добры склад. Дзяніс змог прыцягнуць у каманду дасьведчаных гульцоў, шмат хто зь якіх гуляў у Вышэйшай лізе й нават выступаў за зборную.
За «Крумкачоў», напрыклад, гуляе 37-гадовы Сяргей Кавальчук — вэтэран беларускага футболу, чэмпіён Беларусі 1997 году. Ён тройчы гуляў за нацыянальную зборную.
Ці Сяргей Кошаль — гуляў некалькі сэзонаў у Вышэйшай лізе за ФК «Мінск», пры Бэрнду Штанге згуляў адзін раз за зборную. А потым трапіў у «Менск-2», які летась расфармавалі. Дык за два гады ў «Менску-2» ён забіў менш, чым за адзін сэзон у «Крумкачах». Цяпер уваходзіць у пяцёрку лепшых бамбардзіраў Першай лігі.
Іншыя гульцы, наадварот, ужо былі закінулі прафэсійную кар’еру, але дзякуючы «Крумкачам» вярнуліся ў прафэсійны футбол. Такі лёс, напрыклад, у брамніка Яўгена Касьцюкевіча. У 2009 годзе ён гуляў за другі склад «Тарпэда» (Жодзіна), нават быў на праглядзе ў маскоўскім ЦСКА. Аднак праз праблемы з сэрцам яму не далі застацца ў прафэсійным футболе.
«Што ў мяне там унутры — ня ведаю нават, — кажа Яўген. — Дыскамфорту я не адчуваю. А кінуць футбол не магу. Лекары кажуць, што ў 40 год давядзецца рабіць апэрацыю, калі ня буду берагчы сябе. Таму я яшчэ маю 15 год. Можа, пакіну пра сябе нейкія ўспаміны».
Спачатку ён стаў даглядаць газон, здымаў гульні «Тарпэда». Потым увогуле падаўся ў апэратарства — езьдзіў у Расею, дзе зь сябрам здымаў фільмы пра школьнае жыцьцё. Менавіта як апэратар ён прыйшоў у «Крумкачы» летась. А зь сярэдзіны гэтага сэзону ён ужо асноўны брамнік.
«У „Крумкачах“ я сябе адчуваю на сваім месцы, — кажа Яўген. — Такіх калектываў у маім жыцьці не было. Тут я адчуваю сваю адказнасьць за ўсю каманду, за вынік. Мне падабаецца ўся гэтая дзьвіжуха!»
Калі трапім у Лігу Чэмпіёнаў, вернем усе даўгі
Грошы — бадай, адзіная праблема, пакуль ня вырашаная ў «Крумкачоў». Каманда ўтрымліваецца выключна за кошт заснавальнікаў. Васіль Глезаў працуе ў турыстычнай кампаніі й забясьпечвае каманду транспартам на ўсе выязныя матчы. Але большую частку грошай дае Дзяніс Шунто, які мае ўласны бізнэс.
Былі яшчэ дамовы аб спонсарстве, але ў сярэдзіне сэзону стала вядома, што каманда застаецца на плячах заснавальнікаў. А гэта значыць, што 120 тысяч даляраў, якія неабходныя для гульні ў Першай лізе, Дзяніс і Васіль мусяць плаціць толькі са сваёй кішэні.
У рэжыме эканоміі нават абяцаныя 600 тысяч рублёў на месяц футбалістам ужо не маглі плаціць. Акурат у гэты час шмат на каго з «Крумкачоў» прэтэндавалі топавыя каманды Першай лігі, дзе стабільна выплачваецца заробак, і нават клюбы з Вышэйшай лігі.
Каб не згубіць каманду, Дзяніс арганізаваў... шашлыкі. Турнірны матч з «Кобрынам» паставілі на 12-ю гадзіну дня, каб пасьпець адпачыць пасьля гульні. Дзяніс параіўся з трэнэрам і гульцамі, і ўсе аднагалосна пастанавілі — гуляць далей. Нягледзячы на прапановы 10-мільённых заробкаў, з каманды ніхто не сышоў.
Пасьля «кобрынскіх шашлыкоў» у Крумкачоў была толькі адна параза, і цяпер працягваецца 9-матчавая бяспройгрышная сэрыя. Ад трэцяга месца, якое гарантуе ім выхад у Вышэйшую лігу, іх аддзяляюць два ачкі.
Пра свой намер трапіць у вышэйшы дывізіён «Крумкачы» заяўляюць адкрыта. Калі гэта ўдасца зрабіць, заснавальнікі ўжо маюць пляны наконт грошай для каманды.
«Вось пішуць: навошта ў Вышэйшай лізе яшчэ адзін клюб з голым задам? — кажа Васіль. — А я кажу, што мы ня будзем там з голым задам. Мы там будзем ці з грашыма, ці ня будзем увогуле. Будзем праз два гады гуляць у Лізе Чэмпіёнаў, я з прэміяльных усе даўгі вярну».
Крумкачы? А што гэта за вёска?
Гэта сёньня, калі каманда мае шанец на месца ў Вышэйшай лізе, «Крумкачоў» успрымаюць сур’ёзна. Напачатку ніхто не разглядаў іх як моцных супернікаў. Па-першае, праз назву. Тым, хто ня ведае значэньня слова «крумкач» у беларускай мове, яна ні пра што ня кажа. Часта людзі ў рэгіёнах думаюць, што гэта назва якога паселішча ў Менскай вобласьці.
«Усе думаюць, што гэтая нейкая вёска, — кажа Васіль. — Асіповічы, Пухавічы, Калінкавічы, і Крумкачы ў тым жа шэрагу. Маўляў, едзьце ў свае Крумкачы гуляць».
Але калі каманда зь вёскі «Крумкачы» абыгрывае клюбы са шматгадовай гісторыяй, некаторыя лічаць гэта за зьнявагу.
«Я чуў меркаваньне, што мы — ганьба беларускага футболу, — кажа Дзяніс. — Што прыйшлі і ганьбяць людзей, якія тут працуюць, бо абыгрываюць іхнія каманды».
Разыходзяцца ў стаўленьні да Крумкачоў і экспэрты. Нехта лічыць іх праектам аднаго сэзону, які ня выжыве ва ўмовах Вышэйшай лігі. Іншыя, наадварот, бачаць у «Крумкачах» прыклад удалага мэнэджмэнту.
«Гэтую каманду стварылі людзі, якія моцна любяць футбол, — сказаў Свабодзе Анатоль Байдачны, трэнэр зборнай Беларусі ў 2003–2005 гг. — Яны ўкладваюць свае ўласныя грошы ў клюб, і, у прыватнасьці ад мяне як ад прафэсіянала, заслугоўваюць вялікай падзякі за сваю любоў да футболу».
Шмат хто лічыць «Крумкачоў» выскачкамі. Ледзь ня кожны тыдзень Аляксей Важнік і Максім Паршута — піяршчыкі і маркетолягі каманды — прыдумляюць нейкія неверагодныя інфармацыйныя нагоды. «Крумкачы» былі адзіным клюбам Першай лігі, хто зрабіў афіцыйную прэзэнтацыю сваёй формы. Яны здымаюць прома-відэа, гуляюць у кампутарныя гульні з заўзятарамі, заяўляюць у свой склад Грабоўскага — беларускага хакеіста з НХЛ.
«Я не разумею, чаму гэтага ня робяць іншыя клюбы, — кажа Аляксей Важнік. — У нас каманда людзей, якія бясплатна робяць тое, чым у іншых клюбах не займаюцца нават за грошы».
Праз свае акцыі і гучныя заявы «Крумкачы» прыцягвалі ўвагу да ўсёй Другой лігі летась, а сёлета — да першай.
«Дзякуючы нам людзі цікавяцца беларускім футболам увогуле», — лічыць Дзяніс.
Калі хочам захаваць каманду, трэба выходзіць у Вышэйшую лігу
Сваімі выхадкамі «Крумкачы» змаглі разварушыць усю Першую лігу. Усьлед за імі пачынаюць актыўней пазначаць сваю прысутнасьць у сацыяльных сетках і іншыя каманды.
«У фэдэрацыі заўжды зь мяне жартавалі, але бязь зьдзекаў, — кажа Дзяніс. — Мы для іх нешта вельмі нестандартнае. „Крумкачы“ — гэта весела. Нават кажуць, што ў лізе гуляюць 15 камандаў і „Крумкачы“. Бо мы — адметныя».
Нічога падобнага да «Крумкачоў» у беларускім футболе насамрэч не было. Былі прыватныя клюбы, якія прыходзілі ў футбол мэтанакіравана — каб выйсьці ў Вышэйшую лігу. Такіх, хто б прыходзіў «павесяліцца» і раптам так хутка дайшоў да верху Першай лігі — пэўна не было. Два гады пайшло на тое, каб прайсьці ў вышэйшую лігу, у БАТЭ і «Скавіта». Была пасьпяховая каманда «Дарыда». Але ва ўсіх іх былі вялікія грошы і накіраванасьць на Вышэйшую лігу.
«Такіх клоўнаў, як мы, у беларускім футболе яшчэ не было», — кажа Дзяніс.
Але ня лічыць сваю каманду клоўнскай галоўны трэнэр. Алег Дулуб яшчэ ў мінулым сэзоне быў другім трэнэрам менскага «Дынама». Не прызвычаены да паўпрафэсійных камандаў, Алег Анатолевіч падабраў для «Крумкачоў» аптымальны рэжым.
«Калі ў нас была праблема ў пэрыяд дазаяўкі і калі было незразумела, колькі чалавек сыдзе, я адразу сказаў: хто застанецца, яны будуць прытрымлівацца ўсяго сьпісу патрабаваньняў. Гэты сьпіс нязьменны што ў працы з „Дынама“, што з „Крумкачамі“».
Дулуб кажа, што каманда ідзе крок за крокам: замацавацца ў Першай лізе, замацавацца ў дзясятцы, у шасьцёрцы. Цяпер — на чацьвёртым месцы.
«Ужо празь месяц працы я сказаў, што 50% гульцоў ужо тады былі гатовыя гуляць у Вышэйшай лізе. А мне ёсьць з чым параўноўваць».
Пры гэтым пра шанцы на Вышэйшую лігу ён лішне не разважае. Але кажа, што хацелася б яму скончыць чэмпіянат пасьпяхова, «бо заўжды запамінаецца апошняя фраза».
Дзяніс жа ў Вышэйшай лізе бачыць адзіны спосаб захаваць сваю dream team.
«У нас толькі адзін шанец захаваць такую клясную каманду: выйсьці ў Вышэйшую лігу й знайсьці фінансы пад яе. У іншым выпадку ўсіх гульцоў разьбяруць. А я не ўяўляю жыцьця бязь іх і бяз нашага трэнэра».
P.S.: Ці выйдуць «Крумкачы» ў Вышэйшую лігу, будзе вядома ўжо праз два тыдні. 8 лістапада яны гуляюць на выезьдзе супраць ФК «Баранавічы», а 15 лістапада — дома з магілёўскім «Дняпром», галоўным канкурэнтам за трэцяе месца.