Расейскія ўлады праводзяць ператрусы ў дамах крымска-татарскіх журналістаў

Студыя крымска-татарскага тэлеканалу ATR у Сімфэропалі, ілюстрацыйнае фота

Раніцай 2 лістапада ў Крыме пачаліся ператрусы ў дамах былых супрацоўнікаў крымска-татарскага тэлеканалу ATR — Лілі Буджуравай і Эльзары Ісьлямавай, а таксама ў доме бацькоў уладальніка тэлеканалу Ленура Ісьлямава.

Былая рэдактарка тэлеканалу ATR Ліля Буджурава распавяла пра ператрус у яе доме раніцай у панядзелак 2 лістапада:

Ліля Буджурава

«Ня буду камэнтаваць ні ператрус, праведзены ў маім доме, ні „падставы“ для гэтага. Што зробіш, праца такая. Што зробіш, Крым цяпер такі. Невыносна баліць сэрца толькі ад аднаго — у чым правінілася мая 83-гадовая мама, якую я скрозь шэраг людзей у масках і з аўтаматамі вяла ў прыбіральню, напампаваўшы перад гэтым сардэчнымі лекамі? Чым правінілася мая 8-гадовая ўнучка, яшчэ цёпленькая ад перадсьвітальнага сну, абуджаная словамі: „Ня бойся, толькі ня бойся“? А яна ўсё роўна вельмі спалохалася. І хоць, гледзячы на мяне сваімі чорнымі вачыма, паўтарала: „Я не спалохалася“, спытала: „А чаму дзядзькі са стрэльбамі? Яны будуць у нас страляць?“. І ножкі яе пры гэтым трэсьліся пад маімі рукамі дробным-дробным трапятаньнем. Не забуду гэтага ніколі», — напісала Ліля Буджурава на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Згодна з інфармацыяй упраўленьня расейскага ФСБ у Крыме, ператрусы праходзяць у рамках распачатай у дачыненьні да ўладальніка ATR крымінальнай справы.

2 лістапада Цэнтрабанк Расеі разьмясьціў таксама інфармацыю пра адклiканьне ліцэнзіі на працу ў ТАА «Джаст Банк», які належыць Ісьлямаву. Крымска-татарскі бізнэсмэн паведаміў, што зьвязвае гэтыя захады з блякадай Крыма, бо ён адзін зь яе ініцыятараў.

МУС Украіны адкрыла дзьве крымінальныя справы па факце парушэньня правоў грамадзян у Крыме. Гэтыя справы тычацца ператрусаў у жытле дырэктара крымска-татарскага тэлеканалу ATR Ленура Ісьлямава і экс-супрацоўнікаў тэлеканалу, а таксама фактаў перашкоды законнай дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, якія выступаюць супраць акупацыі Крыма. Зьвесткі пра крымінальныя правапарушэньні ўнесеныя ў адмысловую базу дадзеных, паведамілі ва ўкраінскім міністэрстве.

МЗС Украіны выказала падтрымку прадстаўнікам крымска-татарскага СМІ і назвала ператрусы, праведзеныя 2 лістапада ў Крыме ў кіраўніка і экс-супрацоўнікаў тэлеканалу ATR, «недапушчальнымі рэпрэсіямі». Пра гэта напісала прэс-сакратар украінскага МЗС Мар’яна Беца ў Твітэры.

Мар’яна Беца

«Рэпрэсіі супраць крымска-татарскага тэлеканалу ATR і правядзеньне ператрусаў у журналістаў каналу недапушчальныя. Асуджаем дзеяньні акупацыйных уладаў», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратара МЗС.

Паводле яе слоў, гэтыя ператрусы — парушэньне правоў чалавека і свабоды СМІ.

«Расейская акупацыйная ўлада груба парушае правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку свабоду СМІ. Выказваем падтрымку крымска-татарскаму СМІ. Супрацьпраўныя дзеяньні акупантаў павінны атрымаць адпаведную ацэнку міжнароднай супольнасьці», — заявіла Беца.

20 верасьня пачалася бестэрміновая акцыя па блякаваньні грузавога транспарту, які ідзе ў Крым з прадуктамі і таварамі. Блякада ініцыяваная лідэрамі крымскіх татараў.