Лукашэнку «карануюць» у Палацы Незалежнасьці

Палац Незалежнасьці ў Менску

Пятая па ліку інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі пройдзе ў памяшканьні, дзе раней гэтая цырымонія ніколі не адбывалася, — у Палацы Незалежнасьці. Пра гэта Свабодзе паведаміла сёньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Менавіта старшыня Цэнтравыбаркаму адкрывае цырымонію ўступленьня прэзыдэнта на сваю пасаду і абвяшчае абраньне яго воляй беларускага народу:

Лідзія Ярмошына

«Тэкст, які я звычайна агучваю, амаль не зьмяніўся. Мяняюцца толькі даты правядзеньня выбараў. Здаецца, у тэксьце ня будзе ніводнай канкрэтнай лічбы. Цяпер мы іх на цырымоніі ўжо не называем. Раней мы называлі дакладную лічбу, цяпер ужываем выраз „аддалі галасы выбарцы“.

Далей я прапаную пераможцу зрабіць усё тое, што прапісана ў Канстытуцыі, — прынесьці прысягу на Канстытуцыі, падпісаць Акт аб прыняцьці прысягі. Пасьля чаго і ўручаю яму пасьведчаньне прэзыдэнта».

Лукашэнка традыцыйна тэкст прысягі прамаўляе па-беларуску. Пытаюся ў Лідзіі Ярмошынай, на якой мове будзе выступаць яна:

«На рускай. Уяўляеце, якая гэта будзе „прыгажосьць“, калі я загавару на беларускай мове. Гэта будзе непрыгожая і непісьменная гаворка».

Новае месца правядзеньня інаўгурацыі зьменіць яго фармат. Заля ў Палацы Незалежнасьці ўдвая меншая за залю Палаца Рэспублікі. Аднак пэўныя катэгорыі асобаў маюць права прысутнічаць на цырымоніі, адзначае старшыня Цэнтравыбаркаму:

«Ёсьць сьпіс асобаў, які прадугледжаны Канстытуцыяй. Вось гэтыя людзі абавязаныя быць на інаўгурацыі. Гэта — чальцы Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, Цэнтральнай выбарчай камісіі, нацыянальнага парлямэнту. Па ўсіх іншых асобах рыхтуе прапановы прэзыдэнцкая адміністрацыя і дае прапановы кіраўніку дзяржавы».

Тацяна Караткевіч

Удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі ў гэтым сьпісе няма. На пытаньне Свабоды, ці запрасілі яе на інаўгурацыю Лукашэнкі, Тацяна Караткевіч адказала:

«Не запрашалі. Пакуль запрашэньня няма. І я думаю, што і ня будзе».

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч таксама запрашэньня ня мае:

«Для мяне гэтыя падзеі ўжо практычна прайшлі. Будзе хтосьці з кандыдатаў удзельнічаць, ня будзе — для мяне гэта прынцыпова ня важна. Адзінае, хацелася б пасьля 6 лістапада пабачыць новы ўрад. Нават калі ён застанецца старым».

Сяргея Гайдукевіча таксама няма сярод запрошаных:

Сяргей Гайдукевіч

«Я ніякіх дакумэнтаў не атрымліваў. Запрасіць на інаўгурацыю — гэта воля пераможцы. Магчыма, яшчэ і будзе. Але я сумняваюся».

Папярэдняя інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі адбылася 21 студзеня 2011 году. Яна трансьлявалася па ўсіх каналах беларускага тэлебачаньня. Тады цырымонію ўпершыню паказалі ў рэжыме рэпартажу — ад рэзыдэнцыі ў Драздах да Палаца Рэспублікі.

На інаўгурацыі 2011 году не прысутнічалі кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу. На знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіяў супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці яны накіраваліся ў Вільню на круглы стол, прысьвечаны правам чалавека. Ня ўдзельнічаў у інаўгурацыі і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.