Дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпер на саміце ў Вашынгтоне, арганізаваным выданьнем Defense One, заявіў, што, верагоднасьць таго, што расейскі самалёт быў зьбіты ў небе над Эгіптам тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы», невялікая, але цалкам ён гэтага не выключае.
«Пакуль яшчэ няма ніякіх прамых сьведчаньняў умяшаньня тэрарыстаў. „Ісламская дзяржава“ заявіла аб сваёй адказнасьці ў Твітэры. „Ісламская дзяржава“ на Сынайскім паўвостраве — вельмі актыўная арганізацыя. Але на самай справе мы ня ведаем. Калі знойдзеныя чорныя скрыні будуць прааналізаваныя, мы даведаемся больш».
Па словах Клэпера, умяшаньнем у сырыйскі канфлікт Пуцін спрабаваў паказаць усяму сьвету сваю значнасьць. Кіраўнік выведкі ЗША выказаў здагадку, што Расеі давядзецца пасылаць у Сырыю дадатковыя войскі і ўзбраеньне:
«Пуцін, напэўна, ўяўляў, як ён прыедзе на „белым кані“ і ўратуе Сырыю, стане выратавальнікам рэгіёну, пакажа, наколькі ён сам і Расея зьяўляюцца важнымі ў сьвеце, якія яны вялікая сіла».
«Але ім, напэўна, давядзецца паслаць яшчэ больш так званых дарадцаў. Цікава, што ў адрозьненьне ад прысутнасьці Расеі ва Ўкраіне, якую яны ніколі не прызнавалі, у гэтым выпадку ўсё вельмі адкрыта. Думаю, што яшчэ адной яго мэтай зьяўляецца паказаць вынікі мадэрнізацыі арміі».
Расейская ўлада прадстаўляе свае дзеяньні ў Сырыі як ўнёсак у барацьбу з сусьветнай пагрозай ісламскага тэрарызму. На самай справе, кажа старшыня Камітэта па ўзброеных сілам Палаты прадстаўнікоў Мак Торнбэры, іх ўмяшаньне толькі ўскладніла гэты працэс:
«Сёньня, з умяшаньнем Расеі, стала значна складаней мець пасьпяховую стратэгію ў Сырыі, чым гэта было да ўмяшаньня Расеі».
Расея зьяўляецца нават большай пагрозай існаваньню ЗША, чым «Ісламская дзяржава», заявіў начальнік штабу Арміі ЗША генэрал Марк Мілі:
«Расея — адзіная краіна на плянэце, якая можа зьнішчыць Злучаныя Штаты. Гэта па вызначэньні — пагроза нашаму існаваньню з-за іх ядзернага патэнцыялу. Ядзерная зброя ёсьць і ў іншых краінах, але ні ў каго яе няма так шмат, як у Расеі. І ні ў каго іншага няма магчымасьці ў прамым сэнсе зьнішчыць Злучаныя Штаты. Вельмі складана вызначыць іх намеры. Адзін са спосабаў судзіць пра іх, гэта — паглядзець на паводзіны ў мінулым. З падзеньня Бэрлінскай сьцяны і да 2007-2008 году Расея не дэманстравала, наколькі я ведаю, намеру весьці агрэсіўную зьнешнюю палітыку. Усё зьмянілася з 2008-га году».
«Яны парушаюць велізарную колькасьць міжнародных нормаў, якія дзейнічаюць, пачынаючы з Вэрсальскай дамовы 1919 году. Яны напалі на сувэрэнныя тэрыторыі іншых краінаў. Іх паводзіны зьяўляюцца агрэсіўнымі пры магутных ядзерных магчымасьцях. Яны рэарганізавалі свае звычайныя ўзброеныя сілы, сілы спэцыяльнага прызначэньня. За Расеяй трэба ўважліва сачыць. Таму я сказаў, што яны — пагроза нумар адзін для Злучаных Штатаў. Паводзіны Расеі ў апошні час зьяўляюцца варожымі інтарэсам ЗША».
Мілі лічыць, што ЗША і іх партнэры могуць мець партнэрскія адносіны з Расеяй у некаторых абласьцях, дзе ёсьць агульныя інтарэсы. Але гэта ня значыць, што яны будуць заплюшчваць вочы на праявы агрэсіі з боку Расеі:
«Мы хочам, з аднаго боку, захоўваць наш ваенны патэнцыял на высокім узроўні з тым, каб стрымліваць і прадухіляць далейшую расійскую агрэсію. Нам трэба моцна стаяць на сваіх пазыцыях, калі гэтая агрэсія сябе праяўляе, — адказваць санкцыямі і г.д.».
Генэрал толькі што вярнуўся з Украіны, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам краіны, арміі і праінспэктаваў вайскоўцаў са складу 173 паветрана-дэсантнай брыгады арміі ЗША, якія прымаюць удзел у навучаньні Fearless Guardian-2015. У Вашынгтоне ён падзяліўся ўражаньнямі ад зносінаў з украінскімі калегамі.
«Украінцы хочуць, каб мы працягвалі аказваць ім ваенную падтрымку, палітычную і эканамічную. Яны годныя людзі. Украіна зьяўляецца сувэрэннай краінай 25 гадоў. Яны маюць намер заставацца вольнай і незалежнай дзяржавай», — сказаў ён.
І ў гэтым ЗША будуць працягваць падтрымліваць Украіну і далей. Не забыліся ў Вашынгтоне і пра анэксію Крыму.
«Калі вы паглядзіце на першапрычыну ізаляцыі Расеі, паходжаньне ціску, пад якім знаходзіцца Расея — санкцыі, выключэньне зь вялікай васьмёркі — гэта анэксія Крыму. Расея загнала сябе ў кут, пачынаючы са сваіх дзеяньняў у Крыме. Між іншым, ім гэта дасьць толькі дзясяткі тысяч даляраў дадатковых выдаткаў», — сказаў Дарадца Белага дома па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Бэн Роўдс.